Былы кіраўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Базанаў стаў намесьнікам генэральнага дырэктара ААТ «Белтэлекам».
У Белтэлекаме Базанаў адказвае за ўзаемадзеяньне зь дзяржаўнымі органамі і зьнешнія сувязі.
18 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў Аляксандра Базанава ад пасады дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта ў сувязі з выхадам у адстаўку. Базанаў займаў гэтую пасаду з 4 лістапада 2010 году, фактычна зьмяніўшы на ёй Алега Праляскоўскага. Праўда, Праляскоўскага прызначылі на пасаду міністра інфармацыі 4 сьнежня 2009 году, амаль год ІАЦ пры прэзыдэнце быў без кіраўніка. У лютым 2011 году Базанаў быў уключаны ў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.
На пачатку 2000-х гадоў Аляксандар Базанаў некалькі гадоў кіраваў Цэнтрам інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, потым некалькі гадоў працаваў дарадцам у амбасадзе Беларусі ў Нямеччыне.
Варта ўзгадаць, што былы старшыня Вадзім Зайцаў, які ачольваў ведамства з 15 ліпеня 2008 году да 9 лістапада 2012-га, летась быў прызначаны генэральным дырэктарам «Космас ТВ».
Чаму былых чэкістаў прызначаюць на кіроўныя пасады ў Белтэлекам, «Космас-ТВ», разважае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
«Па-першае, гэта надзейныя, правераныя кадры. Па-другое, гэта людзі ў пагонах, усе яны маюць званьні: хто генэрала, хто палкоўніка. Былых чэкістаў не бывае, як кажуць. Вайскоўцы, людзі ў пагонах на дзяржаўнай службе заўсёды выканаюць загад. А Белтэлекам, вобразна кажучы, гэта „гарлавіна“ інтэрнэту, манапаліст. Не за гарамі прэзыдэнцкія выбары, і мэнэджэрам-апазыцыянэрам будуць процістаяць мэнэджэры ў пагонах з багатым прафэсійным досьведам».