30 лістапада ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі прайшла пазачарговая выбарная канфэрэнцыя Беларускай фэдэрацыі шахмат. На ёй прызначылі новага старшыню — ім стаў Сяргей Сычук. Да яго абавязкі старшыні выконваў першы намесьнік, экс-міністар спорту Аляксандар Шамко, паведамляе сайт Міністэрства спорту.
Новы кіраўнік БФШ узначальвае аддзел кадраў авіякампаніі «Белавія». Раней ён быў начальнікам 2-га аддзелу ўпраўленьня службы бясьпекі Лукашэнкі, мае званьне палкоўніка.
Сычука прызначылі ў фэдэрацыю шахмат, хоць ён на гэты момант ён ужо працуе ў іншай спартовай фэдэрацыі — ветразевага спорту. Там ён зьяўляецца намесьнікам кіраўніка.
У чэрвені 2021 пасаду кіраўніка БФШ пакінула віцэ-прэзыдэнтка міжнароднай фэдэрацыі шахмат (FIDE), падпісантка ліста за сумленныя выбары ў Беларусі Анастасія Сарокіна. 29 кастрычніка 2020 году яе затрымалі сілавікі, аднак адпусьцілі пасьля допыту, які патлумачылі «праверкай дзейнасьці фэдэрацыі». Пасьля гэтага Сарокіна зьехала зь Беларусі, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледу за свае погляды.
Сілавікі на чале спартовых арганізацый Беларусі — традыцыйная палітыка дзяржавы апошніх гадоў. Нацыянальны алімпійскі камітэт цяпер узначальвае сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, зьвязаны зь ягонай службай бясьпекі, Міністэрствам спорту кіруе былы супрацоўнік гэтай жа службы, выпускнік Адэскай артылерыйскай вучэльні Сяргей Кавальчук; на чале Фэдэрацыі футболу яшчэ адзін прадстаўнік артылерыі, Уладзімер Базанаў; колішнія або дзейныя супрацоўнікі сілавых ведамстваў таксама ў кіраўніцтве шэрагу іншых спартовых арганізацый.