Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепш у Вільню, чым у „Віцьбу“». Легендарны праваабаронца Леанід Судаленка пра тое, як выйшаў «з адной турмы ў іншую турму»


Леанід Судаленка. Каляж
Леанід Судаленка. Каляж

Ці бясьпечна былым палітвязьням заставацца ў Беларусі і што можна зрабіць для палітвязьняў, калі вызваліць іх пакуль немагчыма?

Пра ўмовы для палітычных вязьняў і прымусовую працу за кратамі расказвае былы палітвязень, праваабаронца з 20-гадовым стажам Леанід Судаленка, які некалькі тыдняў таму выйшаў з калёніі па адбыцьці тэрміну і вымушана зьехаў зь Беларусі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

«Калі я быў за кратамі, дык ведаў дату, калі вярнуся, а цяпер я не разумею, калі змагу вярнуцца дахаты»

— Спадар Леанід, вельмі кранальныя былі вашы першыя відэа на свабодзе, сустрэча зь сям'ёй, блізкімі людзьмі. Што адбывалася з вамі пасьля першых дзён на свабодзе? У якую Беларусь вы вярнуліся?

— У першыя дні я стаў на ўлік у міліцыі. Мяне папярэдзілі, што кожны тыдзень я павінен зьяўляцца ў міліцыі для «правядзеньня прафіляктычных гутарак». Я схадзіў, калі знаходзіўся ў Гомлі. Паказалі фільм пра наркаманаў. Расьпісаўся, што прагледзеў. Міліцыянты прыходзілі да мяне дахаты па некалькі разоў на дзень. Казалі, што могуць прыйсьці і ўначы. Я павінен прасіць дазволу, калі хацеў бы зьехаць з гораду больш як на тры дні. І так на працягу двух гадоў, калі ў мяне ня будзе пагашаная судзімасьць.

— Вы ж адбылі ўвесь тэрмін. Паводле якога закону вы павінны былі б яшчэ два гады знаходзіцца пад штодзённым кантролем?

— Я ім і казаў, што адбыў увесь тэрмін, выйшаў не па амністыі, не праз умоўна-датэрміновае вызваленьне. Я вольны чалавек. Яны не спасылаліся ні на якія артыкулы закону. На жаль, у мяне не было часу пазнаёміцца са зьменамі ў заканадаўстве, якія адбыліся за гэты час. Напэўна, калі яны так робяць, то ўнесьлі ў заканадаўства нормы, што і сярод ночы маюць права прыходзіць да мяне, турбаваць маю сям’ю. Ці гэта «хатняя хімія»? Ці што? Таму я назваў гэта — з адной турмы ў іншую турму.

— Што стала апошняй кропляй, калі вы прынялі рашэньне пакінуць Беларусь? Як гэта ўспрыняла сям’я?

— Калі мяне затрымлівалі ў 2021 годзе, то я казаў: «Я не пакіну Беларусь, няхай яны пакідаюць». Але цяпер іншы час. Я бачыў і ведаў справы людзей, якія «заяжджалі» ў лягер за камэнтары, за лайкі ў інтэрнэце і іншыя актыўнасьці ў сацсетках. Я разумеў, што выстаўленьне мне новых абвінавачваньняў — справа часу. Вядома, гэтае рашэньне далося цяжка. Але калі я параіўся зь сям’ёй, мне жонка сказала, што лепш я буду да цябе езьдзіць у Вільню, чым у «Віцьбу». Мая сямʼя не была гатовая да эміграцыі, таму я зьехаў адзін. Я настройваў сябе на тое, што я знаходжуся ў часовай камандзіроўцы, але калі я быў за кратамі, дык я ведаў дату, калі вярнуся. Канец тэрміну вызначаўся паводле прысуду. Але цяпер я сюды прыехаў і не разумею, калі я змагу вярнуцца дахаты. Бо дома ў Беларусі маё ўсё.

— Дома засталася і ваша маці. Я чытала ў інтэрвію, што сям’я спрабавала схаваць ад яе ваша зьняволеньне, казалі, што вы ў працяглай камандзіроўцы. Як вы з маці разьвітваліся?

— Мы хавалі ад маці тое, што я ў турме, шанавалі яе ўзрост, каб не пагоршыўся яе стан здароўя. Я вельмі рады, што змог пабачыцца з маці, разьвітацца зь ёй. Сказаў, што зноў вымушаны зьехаць у камандзіроўку. Але разумею, што паехаць назад у Беларусь я ўжо не змагу, калі штосьці ня зьменіцца.

«Калі я вызваліўся, выдалі даведку пра мае заробкі — ад 1 да 3 рублёў на месяц»

— Вы працавалі за кратамі на лесапільні, пазьней вас перавялі на разбор дратоў. Якія ўмовы прымусовай працы за кратамі? Ці вядома вам, куды ідзе гэтая прадукцыя?

— Кожны, хто там знаходзіцца, калі не пэнсіянэр і не інвалід, павінен працаваць. Спачатку мяне разьмеркавалі на лесапільню так званым рознарабочым — я падмятаў пілавіньне. Мне налічвалі нейкія капейкі, але на асабісты рахунак гэтыя грошы не даходзілі. Калі я ўжо вызваліўся, выдалі даведку пра мае заробкі — ад 1 да 3 рублёў на месяц мне налічвалі. Праз восем месяцаў на лесапільні мяне перавялі на разборку каляровых дратоў. Гэта ручная праца. Як былы прававы інспэктар працы незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці я скажу, што бясьпекі працы там наагул няма. Рукі заўсёды паколатыя, працуеш без пальчатак, калі родныя не прышлюць. Родныя мне дасылалі аднаразовыя пальчаткі, каб менш калоў рукі дратамі.

Разборка гэтых дратоў — брудная праца. Гэтыя драты ляжалі ў зямлі 30–50 гадоў, іх цяпер мяняюць. Не існуе аўтаматычнага разбору дратоў, таму мы разьбіраем іх і здабываем каляровыя мэталы — алюміній, сьвінец, медзь. А потым іх здаюць на другасную перапрацоўку.

— Што можна зрабіць для вызваленьня палітвязьняў? А што можна зрабіць для палітвязьняў, калі вызваліць іх пакуль немагчыма?

— Калі няма магчымасьці вызваліць, трэба дапамагаць іх семʼям, ладзіць акцыі салідарнасьці. Вельмі важна, каб семʼі палітвязьняў не заставаліся адны са сваімі праблемамі. А што трэба зрабіць дзеля вызваленьня? Спрабую зразумець, чаму не працуе мэханізм вызваленьня палітычных вязьняў. Я пакуль не магу сказаць, дзе тая кнопка, на якую трэба націснуць, каб заўтра ўсе, пачынаючы з Машы Калесьнікавай і іншых палітычных, апынуліся на волі. Але я буду рабіць усё магчымае, улічваючы ў тым ліку і свой досьвед, дзеля таго каб усе палітычныя вязьні былі вызваленыя. Для мяне як для праваабаронцы гэта пытаньне нумар адзін, асабліва пасьля таго, як я апошнія два з паловай гады правёў у месцах пазбаўленьня волі.

— Якая дапамога патрэбная вам самому цяпер?

— Мне трэба прыйсьці ў сябе, аднавіцца ў першую чаргу, зразумець, на якім я сьвеце, наладзіць свой побыт. Дзякуй Богу, ёсьць арганізацыя BySol, якая мне працягнула руку дапамогі, і цяпер я гэтай дапамогай карыстаюся.

  • Леанід Судаленка — старшыня гомельскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат прэстыжнай францускай прэміі «Свабода — Роўнасьць — Братэрства», а таксама ляўрэат беларускай Нацыянальнай прэміі за дасягненьні ў галіне правоў чалавека. Сярод іншага, Леанід Судаленка дапамагаў рыхтаваць і адсылаць шматлікія індывідуальныя звароты супраць дзеяньняў уладаў Беларусі ў Камітэт ААН па правах чалавека.
  • Судаленку затрымалі 18 студзеня 2021 году. 3 лістапада 2021 году судзьдзя Сяргей Салоўскі з суду Цэнтральнага раёну Гомля прысудзіў Судаленку і яго памочніцы Тацяне Ласіцы (вызваленая 24 верасьня 2022 году) адпаведна 3 і 2,5 года пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
  • Судаленку абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і ў «навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 2 арт. 342).
  • Сутнасьць абвінавачаньня была ў тым, што Судаленка дапамагаў пісаць скаргі і выплачваць штрафы жыхарам Гомельскай вобласьці, якіх перасьледавалі за ўдзел у акцыях пратэсту пасьля выбараў прэзыдэнта ў 2020 годзе. Той факт, што праваабаронца дапамог шматдзетнай сям’і арыштаванага Леаніда Кавалёва сабраць сродкі і купіць дровы на зіму, сьледзтва трактавала як «фінансаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG