«Сябры, я прыняў цяжкае для сябе рашэньне! На 14-ы дзень пасьля вызваленьня ўжо знаходжуся ў бясьпецы, а значыць, як і раней, змагу быць адкрытым для ўсіх», — напісаў ён.
Пра вызваленьне Судаленкі 21 ліпеня паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». Сам праваабаронца апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фатаздымак на волі, падпісаны словам «Вызваліўся».
Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 году. 3 лістапада 2021 года судзьдзя Сяргей Салоўскі з суду Цэнтральнага раёна Гомеля прыгаварыў Судаленку і яго памочніцу Таццяну Ласіцу (вызваленая 24 верасьня 2022 года) адпаведна да 3 і 2,5 года пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Судаленку абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і ў «навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 2 арт. 342).
Сутнасьць абвінавачаньня была ў тым, што Судаленка дапамагаў пісаць скаргі і выплачваць штрафы жыхарам Гомельскай вобласьці, якіх перасьледавалі за ўдзел у акцыях пратэсту пасьля выбараў прэзыдэнта ў 2020 годзе. Той факт, што праваабаронца дапамог шматдзетнай сям’і арыштаванага Леаніда Кавалёва сабраць сродкі і купіць дровы на зіму, сьледзтва трактавала як «фінансаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Судаленка займаецца абаронай правоў чалавека 20 гадоў. Дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраваньні шматлікіх індывідуальных зваротаў супраць дзеяньняў уладаў Беларусі ў Камітэт ААН па правах чалавека.