Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і як дапамагае палітзьняволеным беларусам і іх родным. Гайд па асноўных арганізацыях


Акцыя пратэсту 2021 году. Партрэты палітвязьняў у адным з дамоў у Заводзкім раёне Менску.
Акцыя пратэсту 2021 году. Партрэты палітвязьняў у адным з дамоў у Заводзкім раёне Менску.

29 ліпеня незалежныя мэдыя Беларусі аб’яднаюцца ў 12-гадзінным онлайн-маратоне салідарнасьці «Нам ня ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных зьняволеных і іх сем’яў.

Сабралі сьпіс асноўных фондаў і арганізацый, якія дапамагаюць беларускім палітзьняволеным і іх сем’ям.

Праваабарончы цэнтар «Вясна»

«Вясна» — найстарэйшая праваабарончая арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазыцыі. У 2003 годзе Вярхоўны Суд Беларусі пазбавіў яе рэгістрацыі. Аднак больш за 27 гадоў «Вясна» аказвае юрыдычную, прававую дапамогу тысячам беларусаў у самых розных сфэрах.

З 2020 году займаецца дапамогай арыштаваным і іх сем’ям.

Падлічыць хоць бы прыблізную колькасьць тых, хто зьвяртаўся па дапамогу ў «Вясну», наўрад ці магчыма. «Вясна» ўганараваная дзясяткам прэстыжных міжнародных праваабарончых прэмій, яна стала ляўрэатам прэміі ААН у галіне правоў чалавека 2023 году.

Кіраўніцтва «Вясны» — Нобэлеўскі ляўрэат 2022 году Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч — асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, ад 7 да 10 гадоў. Шмат іншых праваабаронцаў (Леанід Судаленка, Марфа Рабкова, Тацяна Ласіца, Андрэй Чапюк) былі арыштаваныя і зьмешчаныя за краты.

Нягледзячы на ціск і перасьлед, «Вясна» працягвае працаваць.

Фонд салідарнасьці BySol

Створаны 14 жніўня 2020 году ў адказ на масавыя арышты і рэпрэсіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ідэя стварэньня належыць Андрэю Стрыжаку. Фонд існуе за кошт ахвяраваньняў. Донарамі фонду сталі ўжо больш за 90 тысяч чалавек з усяго сьвету.

Фонд мае некалькі напрамкаў працы: падтрымка палітычных зьняволеных і іх сем’яў; неадкладная рэлякацыя зь Беларусі людзей, якім пагражае небясьпека; пэрсанальныя грашовыя зборы для людзей, якія вызваліліся з турмаў, якія вымушаныя зьехаць; а таксама перанавучаньне тых, каго звольнілі з працы з палітычных матываў.

У сьнежні 2021 году BySol прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем, на яго заснавальніка Андрэя Стрыжака заведзена некалькі крымінальных спраў. Офіс фонду месьціцца ў Вільні.

Грамадзкая кампанія By_Help

Гісторыя By_Help пачалася ў 2017 годзе, калі Аляксей Лявончык вырашыў дапамагчы беларусам сплаціць штрафы за ўдзел у Дні Волі. Тады сабралі і перадалі сем’ям пацярпелых больш за 55 тысячаў даляраў.

Грамадзкая ініцыятыва перазапусьцілася ў канцы ліпеня 2020 году. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў дапамагалі грашыма на выплаты штрафаў, на лячэньне і рэабілітацыю зьбітых у пастарунках, на дапамогу звольненым з палітычных матываў, на аплату паслуг адвакатаў. Таксама, сумесна з BySoL, By_Help аказвае фінансавую і псыхалягічную дапамогу вызваленым палітвязьням і іх семʼям.

Беларуская рада культуры

Створана ў кастрычніку 2020 году як Беларускі фонд культурнай салідарнасьці. У лютым 2021 году ў сувязі з пашырэньнем дзейнасьці арганізацыя пачала займацца, акрамя дапамогі, працэсамі падрыхтоўкі рэформаў. Фонд зьмяніў назву на Беларускую раду культуры.

Беларуская рада культуры падтрымала больш за 730 творчых асобаў, якія выступілі супраць гвалту і тыраніі ў Беларусі, зазналі праз гэта ціск ці рэпрэсіі.

Цяпер гэта творчае аб’яднаньне дзеячоў культуры, якое падтрымлівае актуальныя творчыя праекты і спрыяе зьменам у грамадзтве праз культуру. Асноўныя мэты — захоўваць, разьвіваць і прасоўваць беларускую культуру.

Кіраўнік — Сяргей Будкін.

Фонд мэдычнай салідарнасьці ByMedSol

Утвораны ўвосень 2020 году. Аб’ядноўвае больш за 4400 мэдыкаў, якія падпісалі адкрыты ліст супраць гвалту з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў. Слоган арганізацыі — «Ствараем здаровую Беларусь: падтрымліваем і прасьвятляем мэдыкаў і пацыентаў».

Фонд ставіць перад сабой некалькі задач. Адна зь іх — зьбіраць рэальную інфармацыю пра стан сыстэмы аховы здароўя краіны. Таму ён просіць мэдработнікаў дзяліцца інфармацыяй аб праблемах сваёй бальніцы ці паліклінікі, паведамляць пра недахоп лекаў і расходнікаў, пра стан абсталяваньня і парушэньні працоўных правоў мэдыкаў.

Таксама фонд аказвае фінансавую дапамогу рэпрэсаваным мэдыкам, студэнтам-мэдыкам, аплачвае паслугі адвакатаў, кампэнсуе штрафы, дапамагае з рэлякацыяй і ўладкаваньнем на новым месцы.

Сваіх імёнаў каманда не называе — у мэтах бясьпекі.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці

Створаны ў жніўні 2020 году. Фонд падтрымлівае свабодных спартоўцаў, якія былі звольненыя зь месца працы, выключаныя з нацыянальных зборных або зазналі іншыя рэпрэсіі за грамадзянскую пазыцыю. Падтрымка можа быць фінансавая, псыхалягічная, арганізацыйная ды іншая. Фонд узаемадзейнічае зь міжнароднымі арганізацыямі ў розных відах спорту.

Фонд створаны вядомымі спартовымі функцыянэрамі, чэмпіёнамі і прызэрамі Алімпійскіх гульняў, міжнародных спаборніцтваў. У красавіку 2022 году КДБ Беларусі прызнаў яго экстрэмісцкім фармаваньнем.

Кіраўнік — Аляксандар Апейкін

Рух салідарнасьці «Разам»

Рух салідарнасьці «Разам» узьнік у Беларусі пасьля выбараў 2006 году.

Рух праводзіць розныя мерапрыемствы, але прыярытэтам лічыць падтрымку і вызваленьне палітвязьняў. Днямі рух салідарнасьці «Разам» заклікаў праваабарончыя арганізацыі перагледзець крытэры прызнаньня палітвязьнем. Актывісты зьвярнуліся да праваабарончага цэнтру «Вясна», Офіса па правах людзей з інваліднасьцю, Lawtrend, Прававой ініцыятывы, Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава, БХК.

Стваральнік і кіраўнік руху — беларускі палітык Вячаслаў Сіўчык, сустаршыня — Алена Талстая.

Dissidentby — праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязьням

На сайце dissidentby.com ёсьць поўны сьпіс палітвязьняў (на цяперашні момант іх 1739), сьпіс людзей, якіх перасьледуюць з палітычных матываў, пералік усіх рэпрэсаваных. Публікуецца сьвежая інфармацыя пра бліжэйшыя суды.

Ініцыятыва дапамагае палітвязьням і іх сем’ям наўпрост праз прадуктовыя, рэчавыя перадачы, лісты, грошы. Можна пакінуць заяўку, прапанаваць сваю дапамогу.

Каардынатарка ініцыятывы Dissidentby — праваабаронца Марына Касінерава.

Politzek. me — плятформа падтрымкі палітзьняволеных Беларусі

На плятформе разьмешчана база палітзьняволеных (на цяперашні момант у ёй 1745 асобаў) па катэгорыях, прафэсіях. Ёсьць кароткая гісторыя кожнага, адрас калёніі, дзень народзінаў, інфармацыя, якая дапамога патрэбна канкрэтнаму чалавеку. Штотыдзень публікуюцца дайджэсты навінаў пра палітвязьняў, інтэрвію і гісторыі былых зьняволеных.

На сайце ёсьць сэрвісы, як напісаць ліст зьняволенаму, як бясьпечна заданаціць сродкі і г. д. Ёсьць нават рэцэпты: як засаліць сала, зрабіць вэнджанае мяса, якое доўга захоўваецца.

Увесну ініцыятыва запусьціла кампанію «Пакуль усе ня будуць вольныя».

«Палітвязынка» — ініцыятыва дапамогі беларускім палітзьняволеным жанчынам

У Інстаграме, фэйсбуку публікуюцца гісторыі жанчын, каб паказаць, якую цану беларускі плацяць за тое, каб Беларусь стала вольнай. Нядаўна «Палітвязынка» запусьціла праект «Выжываньне» — з парадамі, якія рэчы неабходныя жанчынам за кратамі. Публікуюцца таксама відэа, у якіх зачытваюць гісторыі і лісты палітзьняволеных жанчын. Ініцыятыва зьбірае данаты на бандэролі ў СІЗА і на «хімію».

Заснавальніца «Палітвязынкі» — журналістка Яўгенія Доўгая, праект распачаўся 25 ліпеня 2022 году.

«Аб’яднаньне сваякоў і колішніх палітвязьняў»

Асноўная мэта аб’яднаньня — вызваленьне ўсіх палітзьняволеных і поўнае спыненьне рэпрэсій у Беларусі. У ініцыятыўную групу ўваходзяць Тацяна Хоміч — сястра Марыі Калесьнікавай, Аляксандар Лойка — муж Ірыны Слаўнікавай, Сьвятлана Мацкевіч — жонка Ўладзіміра Мацкевіча.

Яны лічаць, што для вызваленьня палітвязьняў робіцца недастаткова, а гэтая задача «ня можа ставіцца пад сумневы ні пры якіх абставінах».

«Аб’яднаньне сваякоў і колішніх палітвязьняў» створана ў студзені 2023 году.

Сацыяльны праект INeedHelpBY

Ініцыятыва INeedHelpBY дапамагае прадуктамі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій і знаходзіцца ў цяжкай фінансавай сытуацыі.

«Мы дапамагаем тым, хто страціў крыніцу даходу, працу ці большую частку заробку ў выніку выказваньня сваёй актыўнай палітычнай пазыцыі, атрымаў буйны штраф, быў затрыманы і знаходзіўся ў ІЧУ, пацярпеў падчас пратэстаў. Дапамога ад беларусаў беларусам» — так прэзэнтуюць сябе стваральнікі праекту.

Праект купляе і дастаўляе набор прадуктаў на два тыдні, на ўсю сям’ю пацярпелага. Зьвярнуцца па дапамогу можна праз тэлеграм-бот.

Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam»

Фонд падтрымлівае тых, хто зазнаў перасьлед і знайшоў свой прытулак у Вільні. Тут можна знайсьці інфармацыю пра легалізацыю ў Літве, пошук працы, арэнду жыльля, курсы літоўскай мовы, псыхалягічную дапамогу на новым месцы.

Апроч таго, тут існуе свая тэатральная студыя для дзяцей, якая ўжо паставіла спэктакль «Сны аб Беларусі». Ёсьць і іншыя адукацыйныя магчымасьці: вывучэньне ангельскай і літоўскай моваў, беларуская мова дзеткам, ёга, кінакурс, акадэмічны малюнак, клюб дэбатаў і іншае.

Дабрачынны фонд «Краіна для жыцьця»

Фонд створаны для дапамогі беларускім палітвязьням і дзейнасьці дзеля пабудовы дэмакратычнага грамадзтва і дзяржавы.

Фонд фінансава дапамагае семʼям палітвязьняў (цягам году рэгулярна падтрымлівалі ад 27 да 98 семʼяў, выплачваючы ім штомесяц па 300 эўра). Таксама валянтэрам і актывістам — праграма ахапіла сваёй дзейнасьцю 286 чалавек.

Былі зладжаны пасьпяховыя праекты «Пошта Дзеда Мароза», «Кветкі для мамы, чыё дзіця за кратамі», «Зьбяры дзіця ў школу».

Фонд утрымлівае ў Беластоку і Вільні шэлтары, дзе ўцекачы зь Беларусі могуць атрымаць прытулак.

Кіраўніца фонду — Вольга Зазулінская, чальцы апякунскай рады — Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія. Зарэгістраваны ў Літве.

Арганізацыя «Дапамога»

Беларуская некамэрцыйная арганізацыя, зарэгістраваная ў Літве 9 верасьня 2020 году. Праз год, 9 верасьня 2021 году, у Вільні адчыніў дзьверы шэлтар «Беларускі замак», які быў набыты і створаны беларусамі Натальляй і Аляксандрам Калегавымі для беларусаў.

На працягу амаль трох гадоў дзейнасьці сотні чалавек атрымалі ад «Дапамогі» прытулак, бясьпеку, фінансавую падтрымку.

«Дапамога беларусам, якія вымушаныя былі зьбегчы ад перасьледу рэжыму Лукашэнкі, дапамога беларусам, якія ваююць за свабоду Ўкраіны ў палку Каліноўскага, дапамога ўкраінцам — гэта галоўныя мэты і задачы некамэрцыйнай беларускай арганізацыі „Дапамога“». Так цьвердзяць яе стваральнікі.

Актывісты часта ладзяць акцыі салідарнасьці ў Вільні і па ўсёй Літве, Апроч палітычнай дзейнасьці, у Замку таксама праводзіцца шмат адукацыйных мерапрыемстваў: літоўская мова, ёга і дыхальныя практыкі, танцавальная арт-тэрапія, асновы самаабароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG