Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барбі і цана прагрэсу


Выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Барбі» Марго Робі
Выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Барбі» Марго Робі

Прагрэс — зьява нелінейная, і шмат у чым мы апошнім часам назіраем адкат — у Беларусі «не да законаў», у ЗША ўсё больш абмяжоўваюць права жанчын на аборт, масавыя міграцыі і ўцякацтва пагаршаюць сытуацыю з хатнім гвалтам. Але прагрэс ідзе. Цяжка, зь перашкодамі, аднак ідзе.

У маім дзяцінстве лялька Барбі была недасяжным ідэалам і нейкім увасабленьнем амэрыканскай мары. Яна — той ідэал, да якога абавязкова трэба імкнуцца, зь якім трэба сябе параўноўваць і пра які ты адпачатку ведаеш, што ніколі яго не дасягнеш. І мне вельмі хацелася б сказаць, што новы фільм пра Барбі распачынае ці адлюстроўвае нейкую новую эпоху, але гэта не зусім так. Ён хутчэй паказвае, што барацьба і прагрэс — рэчы бясконцыя.

Цацачная Барбі задумваецца пра сьмерць, трапляе ў рэальны сьвет, дзе бачыць, што яе ранейшыя ўяўленьні пра ролю жанчын у сьвеце былі самападманам. Яна верыла, што жанчыны паўсюль на лідэрскіх пазыцыях, а ўсё аказалася інакш, і больш за тое, Кен прынёс патрыярхат з рэальнасьці ў лялечны сьвет і перайначыў усё і там. У фінале, натуральна, будзе хэпі-энд — патрыярхат у сьвеце Барбі зьнішчаць, і яна пойдзе ў рэальны сьвет, каб перамагчы патрыярхат і там.

Але ці дасягне яна чагосьці ў гэтым рэальным сьвеце? Ці ўдасца гэтак жа эфэктыўна зьнішчыць патрыярхат, які існаваў тысячагодзьдзі, як яна зьнішчыла той, што праіснаваў некалькі дзён ці тыдняў? ЦІ будзе некалі фінал усёй гэтай барацьбы? Ці будзе фінал у прагрэсу?

Шмат у якіх водгуках на гэты фільм людзі пішуць, што ён руйнуе стэрэатыпы. Дзяўчаты па ўсім сьвеце ідуць паглядзець на казачны сьвет Барбі, а глядзяць у выніку на высьмейваньне гендэрных стэрэатыпаў. Гэта і праўда добры падыход да папулярызацыі годных ідэй, і я не хачу аніяк прыніжаць фільм. Ён нібыта робіць замах на сьвятое, а менавіта гэта і трэба жанчынам у цяперашнім сьвеце. Трэба, каб тое, што лічыцца сьвятым, было крытычна пераасэнсавана, і каб у нас зьяўлялася больш уласнай прасторы і магчымасьцяў.

І яны зьяўляюцца, мы іх адваёўваем, хай і павольна і зь вялікімі стратамі ў працэсе. Звычайны такі контранаступ войска, які вяртае сваё. І мне вельмі шкада, што за мілымі дэкарацыямі і камэдыйнымі па форме «разборкамі» ў фільме быццам губляецца ідэя, што жаночае змаганьне за сябе — гэта доўгі, цяжкі і балючы працэс. І што Барбі ў рэальным сьвеце не пераможа патрыярхат кароткімі матывацыйнымі маналёгамі. Што ёй будзе 70, вай-фай будзе лічыцца чымсьці з эры дыназаўраў, у Беларусі нават перастануць штогод адключаць гарачую ваду на два тыдні, а яна ўсё гэтак жа будзе выходзіць на акцыі супраць забароны абортаў. Усё гэтак жа будзе мітынгаваць, патрабуючы пакараць паліцыянтаў за тое, што яны ігнаравалі заявы жанчыны, якую біў муж.

Я вельмі чакаю, што будзе яшчэ адзін фільм пра Барбі. І ў ім будзе паказаны рэальны сьвет і рэальная барацьба. Страты, сьлёзы і расчараваньні, празь якія Барбі давядзецца прайсьці, калі яна сапраўды хоча зрабіць жыцьцё жанчын лепшым.

У цяперашнім фільме яна зьмяніла абцасы на зручныя шлёпанцы, але ў наступным мусіць пераабуцца ў добрыя красоўкі, у якіх зручна ўцякаць і ад агрэсіўных незнаёмцаў-мужчын, і ад паліцыі. Мусіць, трэба прагрэс і ў гэтым.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG