Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Польшчы і прэзыдэнт Літвы ў «Сувальскім калідоры» сказалі, колькі «вагнэраўцаў» цяпер у Беларусі


Кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў Сувалках
Кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў Сувалках

3 жніўня кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі правёў тэрміновыя кансультацыі з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.

Сустрэча палітыкаў адбылася ў Сувалках Падляскага ваяводзтва Польшчы.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў часе сустрэчы заявіў аб неабходнасьці ўмацаваць мяжу з Расеяй (Калінінградзкай вобласьцю) і зь Беларусьсю, каб быць гатовымі да якіх-хаця правакацыяў.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце прэзыдэнта Літвы, у прыватнасьці, ідзецца аб узмацненьні выведнага патэнцыялу ў памежнай зоне і ўзаемадзеяньня вайскоўцаў памежнай службы і арміі.

Гітанас Наўседа таксама заявіў, што Польшча і Літва павінны актывізаваць інфармаваньне NATO аб дадатковых рызыках, якія ствараюць «вагнэраўцы» ў Беларусі.

«Гэты фактар таксама трэба ўспрымаць сур’ёзна ў кантэксьце стрымліваньня і абароны NATO», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

«Дзеяньні групоўкі „Вагнэр“ будуць разглядацца як частка дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі», — падкрэсьліў Гітанас Наўседа.

Кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі заявіў, што ў цяперашніх умовах належыць узмацніць супрацу Польшчы і Літвы.

Прэм’ер-міністар Польшчы заявіў, што недарэмна засьцерагаў перад магчымымі правакацыямі з боку Беларусі ў сувязі з прыбыцьцём туды баевікоў ПВК «Вагнэр».

Сілы расейскай групы «Вагнэр» перакідваюць шчыльна да ўсходняга флянгу NATO, каб дэстабілізаваць яго, заявіў у чацьвер прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, якога цытуе Reuters.

Прэм’ер Польшчы заявіў таксама:

«Паводле нашых зьвестак, іх, наймітаў ПВК «Вагнэр», каля 4 тысяч на тэрыторыі Беларусі. Паводле інфармацыі, атрыманай ад спадара прэзыдэнта Наўседы, можа быць больш. Паводле інфармацыі, якую нам даюць нашы амэрыканскія хаўрусьнікі, на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца некалькі тысяч удзельнікаў групы «Вагнэр», — цытуе Маравецкага Delfi.lt.

Кіраўнік Літвы і прэмʼер-міністар Польшчы таксама абмеркавалі праблему экспарту збожжа з Украіны і неабходнасьць пошуку канкрэтных рашэньняў, каб дапамагчы Ўкраіне павялічыць абʼём гэтага экспарту.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Аркадыюш Мулярчык паведаміў, што размова ў Сувалках тычылася некалькіх пытаньняў:

«Ідзецца, у прыватнасьці, аб пытаньнях бясьпекі ў раёне „Сувальскага калідору“, а таксама аб узаемадзеяньні нашых службаў, аб сумесных дзеяньнях і пастаянным маніторынгу сытуацыі, бо, як мы бачым, межы нашых хаўрусьнікаў — Эстоніі, Швэцыі, Фінляндыі — а цяпер і Польшча ёсьць мэтаю ўсялякіх правакацыяў».

Эўракамісія раней заявіла, што Эўразьвяз цалкам падтрымлівае Польшчу і знаходзіцца ў шчыльным кантакце зь ёю у сувязі з паветранай правакацыяй, якая адбылася ў небе над Белавежай.

Беларускія вайскоўцы сіл спецыяльных аперацый і найміты з прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» прымаюць удзел у тыднёвых манеўрах на палігоне каля памежнага пераходу ў Берасьці. 20 ліпеня 2023
Беларускія вайскоўцы сіл спецыяльных аперацый і найміты з прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» прымаюць удзел у тыднёвых манеўрах на палігоне каля памежнага пераходу ў Берасьці. 20 ліпеня 2023

Неўстаноўленая колькасьць байцоў «Вагнэра» пачала трэнаваньні з арміяй Беларусі, у выніку чаго Польшча пачала перамяшчаць больш за 1000 вайскоўцаў бліжэй да мяжы зь Беларусьсю.

МЗС Літвы рэкамэндуе грамадзянам ня ехаць у Беларусь

Камэнтуючы інфармацыю аб парушэньні польскай паветранай прасторы беларускімі баявымі гелікоптэрамі, Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што «імавернасьць падобных інцыдэнтаў у краіне, якая прыняла вайскоўцаў прыватнага войска і падтрымлівае Расею ў ваенных дзеяньнях супраць Украіны, зразумела, існуе».

«За імі трэба сачыць вельмі сур’ёзна — патрэбны і дыпляматычны, і палітычны адказ. Ня думаю, што ў гэтым выпадку патрэбны нейкі вайсковы адказ з боку краін, асабліва Літвы, але падвышаная ўвага і гатоўнасьць дзейнічаць, калі будзе нагнятаньне з другога боку, неабходныя», — сказаў літоўскі палітык.

На думку кіраўніка МЗС Літвы, Беларусь — небясьпечная дзяржава.

«Людзі, што вырашаюць скарыстацца запрашэньнем Лукашэнкі, які называе сябе прэзыдэнтам, прыехаць у Беларусь бязь візы, сапраўды рызыкуюць», — падкрэсьліў дыплямат.

1 жніўня Міністэрства абароны Польшчы заявіла аб парушэньні паветранай прасторы краіны двума беларускімі гелікоптэрамі. Беларускае вайсковае ведамства зьняпраўдзіла гэта. Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак даручыў павялічыць колькасьць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя гелікоптэры. Аб інцыдэнце апавясьцілі кіраўніцтва NATO.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG