Былому прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу 1 жніўня трэці раз за апошнія чатыры месяцы выставілі крымінальныя абвінавачаньні. Гэтым разам яны зьвязаныя з спробамі Трампа скасаваць сваю паразу на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ў 2020 годзе.
Абвінавачаньні выставілі ў рамках расьсьледаваньня, якое вядзе спэцыяльны пракурор ЗША Джэк Сьміт. У абвінаваўчым заключэньні з чатырох пунктаў, сьцьвярджаецца, што Трамп уступіў у змову, каб не дазволіць Кангрэсу пацьвердзіць перамогу прэзыдэнта Джо Байдэна, пазбавіўшы выбарнікаў права на сумленныя выбары.
Трампу наказана стаць перад фэдэральным судом 3 жніўня.
Афіцыйныя асобы засьведчылі, што Трамп чыніў на іх ціск, грунтуючыся на ілжывых заявах аб нібыта шырокамаштабных фальсыфікацыях пры галасаваньні. Прыхільнікі Трампа штурмавалі Капітолій ЗША 6 студзеня 2021 года, спрабуючы перашкодзіць Кангрэсу пацьвердзіць перамогу Байдэна.
18 ліпеня Трамп заявіў, што атрымаў ліст ад Сьміта, у якім гаварылася, што ён стаў абʼектам расьсьледаваньня падзеяў 6 студзеня 2021 году. Расьсьледаваньне ідзе пры ўдзеле вялікага фэдэральнага журы ў Вашынгтоне.
Трамп стаў першым былым прэзыдэнтам ЗША, якому выставілі крымінальныя абвінавачаньні. Ён спрабуе ахарактарызаваць судовы перасьлед як палітычна матываванае «паляваньне на ведзьмаў».
Нядаўна, выступаючы перад журналістамі, генэральны пракурор Джэк Сьміт усклаў на Трампа віну за закалот у Капітоліі.
«Напад на сталіцу нашай краіны 6 студзеня 2021 году стаў беспрэцэдэнтным нападам на цэнтар амэрыканскай дэмакратыі», — сказаў Сьміт.
Трамп і яго саўдзельнікі, як сьцьвярджаецца ў абвінаваўчым заключэньні, сфальсыфікавалі сьпісы выбарнікаў у сямі штатах, у якіх кандыдат ад Рэспубліканскай партыі папраўдзе прайграў выбары, каб падаць іхныя галасы для падліку і сэртыфікацыі Кангрэсам 6 студзеня.
У абвінаваўчым заключэньні шмат прыкладаў спробаў фальсыфікацыі вынікаў выбараў з боку Трампа. Пры гэтым спэцыяльны пракурор зазначае, што блізкія дарадцы, у тым ліку высокапастаўленыя супрацоўнікі выведкі, неаднаразова казалі экс-прэзыдэнту, што вынікі выбараў былі законнымі.
«Адказьнік ведаў, што [яго сьцьвярджэньні] былі ілжывымі», — гаворыцца ў заключным абвінавачаньні.
Калі спроба сэртыфікаваць вынікі з дапамогай фальшывых выбарнікаў правалілася, Трамп паспрабаваў чыніць ціск на віцэ-прэзыдэнта Майка Пэнса, каб той не сэртыфікаваў выбары на агульным сходзе дзьвюх палатаў Кангрэса, чаго патрабуе закон. Спэцыяльны пракурор лічыць, што Трамп з саўдзельнікамі арганізавалі закалот у Капітоліі менавіта з гэтаю мэтаю. Падчас беспарадкаў Трамп адкінуў заклікі сваіх дарадцаў супакоіць натоўп, які сабраўся ля Капітолію.
«Падсудны спрабаваў выкарыстаць натоўп прыхільнікаў, якіх ён сабраў у Вашынгтоне, для аказаньня ціску на віцэ-прэзыдэнта з тым, каб той падманным шляхам зьмяніў вынікі выбараў», — гаворыцца ў абвінаваўчым заключэньні.
У заяве кампаніі Трампа гаворыцца, што былы прэзыдэнт заўсёды трымаўся закону. Экс-прэзыдэнт ахарактарызаваў абвінавачаньне ў свой адрас як палітычны «перасьлед» у духу нацысцкай Нямеччыны.
У абвінаваўчым заключэньні таксама сьцьвярджаецца, што Трамп уступіў у змову з шасьцю іншымі неназванымі асобамі. Апісаньне аднаго зь іх супадае з былым супрацоўнікам Міністэрства юстыцыі ЗША Джэфры Кларкам, які спрабаваў дамагчыся прызначэньня на пасаду генэральнага пракурора, каб пачаць расьсьледаваньне меркаваных фальсыфікацыяў на выбарах у Джорджыі і іншых штатах, дзе няма яўнай перавагі адной з партыяў.
Іншы меркаваны саўдзельнік — хутчэй за ўсё, адвакат Джон Істман, які памылкова выказаў здагадку, што віцэ-прэзыдэнт Пэнс мог адмовіцца пацьвярджаць вынікі выбараў. І ў Істмана, і ў Кларка былі сканфіскаваныя тэлефоны і праведзеныя ператрусы падчас расьсьледаваньняў летась.