Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве затрымалі мужчыну, які сфатаграфаваў сустрэчу ўкраінскага блогера BalaganOFF зь беларускай сьпявачкай Маргарытай Ляўчук


Маргарыта Ляўчук, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Маргарыта Ляўчук, архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Кіеве сілавікі затрымалі мужчыну, які, як сьцьвярджаецца, сфатаграфаваў сустрэчу беларускай опэрнай сьпявачкі Маргарыты Ляўчук з украінскім блогерам BalaganOFF (Аляксандрам Рыкавым) і даслаў гэтыя фатаздымкі ў адзін зь беларускіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў.

Пра гэта сам блогер BalaganOFF расказаў у этэры «Эўрарадыё».

Таксама 26 ліпеня блогер выклаў відэа затрыманьня ўкраінскімі сілавікамі невядомага мужчыны — паводле яго, таго самага, хто даслаў фота зь ім і Ляўчук беларускім прапагандыстам.

Аляксандар Рыкаў сказаў, што плянуе сустрэцца і паразмаўляць з затрыманым.

«Трэба мне зь ім пазнаёміцца. Можа, ён яшчэ нешта цікавае раскажа. Убачым. Мне сказалі (украінскія сілавікі. — РС), што мяне чакаюць — ён хоча пагутарыць са мной асабіста», — сказаў блогер у этэры «Эўрарадыё».

Фатаздымкі сустрэчы Аляксандра Рыкава з Маргарытай Ляўчук зьявіліся ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах 25 ліпеня. У паведамленьні сьцьвярджалася, што фота зрабілі ў адной з установаў Кіева і што іх каналу даслала «агентура».

  • Опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук (сапрана, з 2016 па сакавік 2020-га — салістка Вялікага тэатру Беларусі, звольнілася па ўласным жаданьні) — сымбаль і голас пратэстаў 2020 году. Увосень таго ж году ў сувязі зь перасьледам у Беларусі Маргарыта Ляўчук была вымушаная застацца ў Літве. Цяпер жыве ў Вільні. У Беларусі яе абвясьцілі ў вышук і завялі на яе крымінальную справу за «абразьлівыя і блюзьнерскія дзеяньні ў дачыненьні да дзяржаўнай сымболікі».
  • Украінскі блогер BalaganOff (Аляксандар Рыкаў) пэрыядычна выпускае відэа, прысьвечаныя падзеям у Беларусі, запрашае на стрымы беларускіх палітыкаў і блогераў, пачынаючы выпускі словамі «Слава Ўкраіне» і «Жыве Беларусь», а фонам у яго вісяць украінскі сьцяг разам зь бел-чырвона-белым, а таксама сьцяг палку Кастуся Каліноўскага. У лістападзе 2022 году каналы ўкраінскага блогера Аляксандра Рыкава ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG