Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны расьсьледніцкі праект расказаў, хто ачоліў «Вагнэр» у Беларусі


Сяргей Чубко, каляж
Сяргей Чубко, каляж

Сталі вядомыя дэталі біяграфіі баевіка Сяргея «Піянэра», які ачоліў ПВК «Вагнэр» у Беларусі.

Міжнародны расьсьледніцкі праект All Eyes On Wagner, створаны некамэрцыйнай францускай арганізацыяй для збору інфармацыі аб вагнэраўцах, паведаміў дэталі біяграфіі Сяргея «Піянэра», які ачоліў ПВК «Вагнэр» у Беларусі.

Паводле расьсьледнікаў, за пазыўным «Піянэр» хаваецца 47-гадовы вэтэран групы «Вагнэр» Сяргей Уладзіміравіч Чубко. Ён нарадзіўся ў абласным цэнтры Чарнаўцы ва Ўкраіне. Паводле «Нашай нівы», ён паходзіць зь сям'і савецкіх вайскоўцаў. У пачатку 90-х разам з бацькамі выехаў у Расею. Да прыходу ў ПВК «Вагнэр» з 1994-га па 2002 год служыў у дэсантных войсках Расеі.

У 2003 годзе ён ачоліў камісію ў справах моладзі ў адміністрацыі гораду Наварасійску. У 2005-м стаў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі акругі. З 2014 году ўзначаліў Таварыства казакоў Наварасійску разам з Генадзем Відэргольдам, Алегам Калесьнікавым і Леанідам Назаравым. У арганізацыі займаўся пытаньнямі бясьпекі.

Да вагнэраўцаў Сяргей Чубко далучыўся 26 студзеня 2017 году. Тады ж ён адправіўся ў Сырыю, дзе стаў часткай групы, якая спрабавала прасунуцца на нафтавым радовішчы каля Дайр-эз-Зора ў 2018 годзе. Там група трапіла пад авіяўдар амэрыканскіх войскаў. У 2020 годзе ён вярнуўся ў Расею і працаваў у лягістычных і ахоўных кампаніях. У чэрвені 2021 году ён зноў вярнуўся ў Сырыю.

У ліпені 2021 году Сяргей Чубко адправіўся ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку ў якасьці кіраўніка апэрацый. Менавіта адтуль ён прыехаў камандаваць базай «Вагнэра» ў Беларусь. Паводле расьсьледнікаў, з моманту дзейнасьці Сяргея Чубко ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы зафіксавалі 137 выпадкаў гвалту вагнэраўцаў у дачыненьні да мірнага насельніцтва, у выніку якіх загінулі 686 грамадзян. Праваабаронцы задакумэнтавалі выпадкі перасьледу вагнэраўцамі цывільных, а таксама шматлікія выпадкі незаконных затрыманьняў, гвалту і сыстэматычных практык тэрору.

Уласьнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын 19 ліпеня абвясьціў, што «за беларускі кірунак будзе адказваць Сяргей „Піянэр“».

25 ліпеня 2023 году на тэрыторыю Беларусі прыбыла 11-я калёна з тэхнікай ПВК «Вагнэр». У яе складзе было ня менш за 29 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, у тым ліку адзін УАЗ «Патрыёт», адзін бездарожнік, шэсьць бронеаўтамабіляў «Щука» («Чакан»; адзін з прычэпам), 11 фур, 6 цягачоў (на паўпрычэпах — 6 экскаватараў і адна «Газэль»), два Ўралы-4320 (тэнт) і два «КамАЗы».

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. «Вагнэраўцы» бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG