Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пакуль ня бачаць пагрозы з боку вагнэраўцаў, разьмешчаных у Беларусі


Найміты ПВК "Вагнэр" у Беларусі
Найміты ПВК "Вагнэр" у Беларусі

Украінскі бок пільна сочыць за знаходжаньнем вагнэраўцаў у Беларусі, паколькі «гэта магутны такі кампанэнт, які непасрэдна браў удзел у баявых дзеяньнях» і «магутны элемэнт у сыстэме расейскай прысутнасьці за мяжой».

У выведцы Міністэрства абароны і Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны пакуль ня бачаць наўпроставай пагрозы з боку прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», сілы якой цяпер разьмяшчаюцца ў Беларусі.

Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі
Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі

«Неабходна вызначыцца, якім будзе характар дзейнасьці „Вагнэра“ на тэрыторыі Беларусі. Ці будзе гэта лягістычны хаб для ратацыі і падрыхтоўкі да місіі за межамі — у Афрыцы, на Блізкім Усходзе, таму што больш за год не было ратацыі, пакуль „Вагнэр“ ваяваў на нашай тэрыторыі. Цяпер пайшоў гэты працэс», — сказаў прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію тэлеканалу «Ми — Україна».

Паводле яго, украінскі бок пільна сочыць за знаходжаньнем вагнэраўцаў у Беларусі, паколькі «гэта магутны такі кампанэнт, які непасрэдна браў удзел у баявых дзеяньнях» і «магутны элемэнт у сыстэме расейскай прысутнасьці за мяжой».

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што сытуацыя на ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю сытуацыя кантраляваная.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка

«Не адзначаем ні перамяшчэньня вайсковай тэхнікі, ні асабовага складу якіх-небудзь падразьдзелаў — ці расейскіх наймітаў, ці арміі Беларусі, ці Расеі. У той жа час мы мусім быць гатовы да разьвіцьця любой сытуацыі, улічваючы новыя рызыкі зь перамяшчэньнем у Беларусь наймітаў», — сказаў Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны дадаў, што ўкраінскі бок працягвае ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб сілы абароны маглі супрацьдзейнічаць у выпадку пагроз.

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. «Вагнэраўцы» бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG