Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дасьць грошай беларускім заводам. У некаторых зь іх мільярдныя даўгі


Завод «Гомсельмаш» у Гомлі, Беларусь. Архіўнае фота
Завод «Гомсельмаш» у Гомлі, Беларусь. Архіўнае фота

Агулам некалькім заводам плянуецца выдаць больш за паўмільёна даляраў на «імпартазамяшчэньне». Глядзім, што за заводы і ў якім яны стане.

Расейскія банкі выдзеляць на імпартазамяшчальныя праекты ў Беларусі 53,8 мільярда расейскіх рублёў, гэта амаль 592 мільёны даляраў. Пра навіну расказаў намесьнік міністра прамысловасьці Беларусі Аляксандар Агароднікаў.

Гэтыя грошы, сярод іншага, пойдуць «Гомсельмашу» на мадэрнізацыю, а таксама «Менскаму заводу шасьцерняў», Менскаму падшыпнікаваму заводу, «БелАЗу» і «Амкадору». Глядзім, што цяпер з гэтымі прадпрыемствамі.

«Гомсельмаш»

Гэты буйны вытворца камбайнаў і сельскагаспадарчай тэхнікі — адзін з рэкардсмэнаў па падтрымцы з боку дзяржавы ды расейскіх банкаў. У 2015 годзе завод атрымаў 426 мільёнаў даляраў. Выплаты па крэдыце пасьля адтэрміноўваліся, заводу часткова дапамагалі гасіць адсоткі.

У 2021 годзе «Гомсельмаш» зарабіў 602 тысячы рублёў, або 234 тысячы даляраў па тагачасным курсе. Пры тым, што на заводзе працуе больш за 7 тысяч чалавек, прыбытак выходзіць 32 даляры на супрацоўніка за год.

Даўгі прадпрыемства пры гэтым: 1,7 мільярда рублёў, або 562 мільёны даляраў. Каб пагасіць іх, спатрэбіцца ўвесь расейскі крэдыт.

«Амкадор»

Гэты вытворца дарожна-будаўнічай тэхнікі ў 2021 годзе меў 107 мільёнаў рублёў непакрытых стратаў, гэта каля 42 мільёнаў даляраў. Таксама завод меў 659 мільёнаў рублёў даўгоў.

Тады ж, у 2021 годзе, Лукашэнка адмысловым указам выдзеліў «Амкадору» 44,45 мільёна даляраў крэдыту. Паводле ўказу, пазыку можна было пагасіць акцыямі прадпрыемства. Цяпер «Амкадор» не публікуе справаздач наконт сваёй фінансавай дзейнасьці. А ўладальнік заводу, бізнэсовец Аляксандар Шакуцін, цяпер пад санкцыямі ЭЗ за падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

БелАЗ

Прадпрыемства не публікуе справаздач пра сваю фінансавую дзейнасьць з 2021 году, хоць раней гэта рабілася рэгулярна. У 2020-м завод зарабіў 30,8 мільёна рублёў, з 2019-га прыбытак зьменшыўся ў 8,6 раза. У БелАЗа амаль 400 мільёнаў рублёў даўгоў.

Прадпрыемства трапіла пад санкцыі ЗША, бо кіраўніцтва перасьледавала супрацоўнікаў за палітычныя перакананьні.

Менскі падшыпнікавы завод

За мінулы год завод зарабіў адзін мільён рублёў, хоць годам раней меў страты ў 10 мільёнаў. Пры гэтым у МПЗ 164 мільёны рублёў даўгоў. З такім прыбыткам, як цяпер, спатрэбіцца 164 гады, каб расплаціцца з усімі крэдытамі.

У 2009 годзе гэтаму заводу выдзелілі каля 170 мільёнаў даляраў «на мадэрнізацыю».

Тады ж улады спадзяваліся, што завод на год будзе зарабляць каля 500 мільёнаў даляраў.

Менскі завод шасьцерняў

Гэтае прадпрыемства сярод пералічаных выглядае найбольш пасьпяхова. За 2021 год завод зарабіў 12 мільёнаў рублёў пры даўгах 3,2 мільёна рублёў. Аднак Менскі завод шасьцерняў уваходзіць у склад холдынгу «Беларускі мэталюргічны завод», а гэта адно з самых праблемных прадпрыемстваў у Беларусі.

Беларускі мэталюргічны завод

Доўгатэрміновыя даўгі Беларускага мэталюргічнага заводу на 2021 год складалі 1,39 мільярда рублёў. На канец 2020 году БМЗ мусіў заплаціць па крэдытах больш за 3 мільярды. І гэта пры чыстым прыбытку памерам 37 тысяч за 2020 год. Тады дзяржава вырашыла зноў даць грошы стратнаму прадпрыемству і рэструктураваць ягоныя даўгі. На пачатку 2021 году Мінфін выпусьціў валютныя аблігацыі на 619 мільёнаў даляраў, якія былі скіраваныя на пагашэньне даўгоў БМЗ, яны адразу вярнуліся банкам.

Сёлета ў красавіку стала вядома, што ўлады выплацяць «Белаграпрамбанку» кампэнсацыю за крэдыт для БМЗ, які датуецца ўжо 2023 годам. Канкрэтная сума ў дакумэнтах не фігуруе.

Яшчэ раней БМЗ праводзіў мадэрнізацыю. Агульную суму субсыдый і крэдытаў, якія атрымала прадпрыемства, спэцыялісты ацэньваюць у 1 мільярд даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG