Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў-замежнікаў у Беларусі за год паменела амаль на 4 тысячы. Экспэрт кажа, што гэта толькі пачатак


Замежныя студэнты ў Менску. Архіўнае фота
Замежныя студэнты ў Менску. Архіўнае фота

Праз скарачэньне колькасьці замежных студэнтаў дзяржава губляе мільёны даляраў. Найбольш скарацілася колькасьць студэнтаў з Кітаю і Туркмэністану. Раней яны дамінавалі сярод усіх замежных студэнтаў беларускіх ВНУ.

З 2021 году ў Беларусі скарачаецца колькасьць студэнтаў-замежнікаў, хоць раней было наадварот — назіраўся трэнд на павелічэньне. З 2021/2022 навучальнага году па сёньняшні момант студэнтаў-замежнікаў стала менш на 3864 чалавекі: з 24 338 да 20 474. Зьніжэньне — на 16%. Гэта вынікае са сьвежага зборніка Белстату «Беларусь у лічбах».

Замежныя студэнты ў Беларусі
Замежныя студэнты ў Беларусі

Адток замежных студэнтаў у беларускіх ВНУ адбыўся галоўным чынам за кошт зьмяншэньня колькасьці студэнтаў з Кітаю і Туркмэністану. Гэта найбуйнейшыя групы замежных студэнтаў у Беларусі.

Скарачэньне за год па трох самых буйных групах выглядае так:

  • Туркмэністан — мінус 2989‬ (з 6451 да 3462)
  • Кітай — мінус 1519 (з 8011 да 6492)
  • Іран — мінус 123 (з 313 да 190)

Раней студэнты з Туркмэністану складалі больш за палову замежнікаў у беларускіх ВНУ. Напрыклад, у 2019 годзе іх было 10 056.

Па ўсіх астатніх краінах колькасьць скарацілася нязначна, а па некаторых нават вырасла:

  • Узбэкістан — плюс 672 (з 2327 да 2999)
  • Шры-Лянка — плюс 144 (з 1439 да 1583)
  • Ізраіль — плюс 53 (з 285 да 338)

Пры гэтым зь беларускай статыстыкі проста зьніклі дзьве сотні ўкраінскіх студэнтаў, якія навучаліся ў беларускіх ВНУ да вайны. У зборніку Белстату ў 2020/2021 навучальным годзе яны ёсьць. А вось ужо ў новым зборніку «Беларусь у лічбах» іх няма за гэты ж навучальны год. Можна было б падумаць, што ўкраінцаў няма з прычыны нязначнай колькасьці, але ўказана колькасьць студэнтаў з Казахстану, якіх яшчэ менш — 194. Пры гэтым агульная лічба супадае і там, і там.

Чаму зьніжаецца колькасьць замежных студэнтаў

З 2015 году замежных студэнтаў у Беларусі з кожным годам станавілася больш, і адбывалася гэта за кошт грамадзян Таджыкістану і Кітаю. Гэты рост працягваўся нават у 2020–2021 гады.

Зьніжэньне колькасьці студэнтаў з іншых краін найперш зьвязана з вайной і санкцыямі, упэўнены экспэрт у галіне адукацыі і інавацый Андрэй Лаўрухін. Пратэсты ў Беларусі і палітычны крызіс на гэта амаль не паўплывалі, бо замежнікі не паглыбляліся ў тое, што адбываецца ў Беларусі.

«Большасьць кітайскіх студэнтаў у 2020 годзе ня бачылі нечага надзвычайнага. Для іх гэтая рэчаіснасьць не існавала. Аднак, як толькі пачалася вайна, бацькі папрасілі іх вярнуцца дадому, вырашылі не аплачваць навучаньне. Значна таксама зьменшылася колькасьць студэнтаў з Туркмэністану, якіх было больш за 50% сярод усіх замежнікаў. Раней туркмэнскія ўлады думалі, што ў Беларусі стабільна і мясцовы КДБ за ўсім сочыць. Як пачалася вайна, узьніклі праблемы зь пераводам грошай, яны не маглі аплаціць сваё навучаньне, банкі не маглі пералічыць грошы паміж сабой праз санкцыі. Гэтыя праблемы пачаліся пасьля вайны і набылі масавы характар», — расказвае Андрэй Лаўрухін.

«Беларускі дыплём дэвальваваўся»

Паводле Андрэя Лаўрухіна, трэнд на скарачэньне ня будзе мяняцца, замежных студэнтаў у Беларусі будзе станавіцца меней. І галоўная прычына — вайна і санкцыі.

«Безумоўна, беларускі дыплём ВНУ дэвальваваўся. Калі адукацыя сапраўды добрая, то зьнешні чыньнік не ўплывае так моцна. Проста яна не каштуе таго, каб пераадольваць санкцыі і забароны. Напрыклад, праблему пераводу грошай можна вырашыць тэхнічна — прывезьці гатоўку, але гэтага не адбываецца. Я лічу, што пакуль гэтае зьніжэньне — толькі пачатак», — кажа Андрэй Лаўрухін.

Колькі Беларусь зарабляе на замежных студэнтах

Адзін год навучаньня на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ каштуе 3350 даляраў.

На іншых факультэтах вядучай ВНУ Беларусі кошты прыкладна аднолькавыя. Калі ўзяць за пункт адліку гэтую суму, то за год праз ад’езд замежнікаў Беларусь губляе сама меней 13 мільёнаў даляраў. Сайты некаторых беларускіх ВНУ, дзе разьмешчаная ў тым ліку інфармацыя аб паступленьні, цяпер не адкрываюцца з-за мяжы, прынамсі з краін ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG