У сярэдзіне ліпеня беларускія ВНУ чарговы раз падвысілі цану навучаньня, рост цэнаў склаў каля 7%. Цяпер, каб вывучыцца на ІТ-спэцыяліста, трэба за ўсё заплаціць амаль 17 тысяч рублёў, або 5650 даляраў. У Беларусі гэта 9 месяцаў працы зь сярэднім заробкам.
Вышэйшая адукацыя для дыплямата яшчэ даражэйшая — агулам больш за 20 тысяч рублёў, або амаль 6800 даляраў. На гэта, маючы сярэдні заробак, трэба працаваць 11 месяцаў.
Глядзім, колькі каштуе вышэйшая адукацыя ў іншых краінах.
У Літве, каб вывучыцца на ІТ-спэцыяліста ў Віленскім унівэрсытэце, трэба патраціць 14 930 даляраў. Гэта прыкладна 7 месяцаў працы — пры ўмове, што вы маеце сярэдні заробак. Эканамічная адукацыя там жа будзе каштаваць пад 14 тысяч даляраў, або паўгода і два тыдні працы.
Вывучыцца на ІТшніка ў Латвійскім унівэрсытэце ў Рызе каштуе 13 000 даляраў, або 8 месяцаў працы зь сярэднім латвійскім заробкам. Атрымаць там жа адукацыю дыплямата будзе каштаваць 15 740 даляраў, або 9 з паловай месяцаў працы.
У Польшчы атрымаць адукацыю ІТ-спэцыяліста ў Гданьскім політэхнічным унівэрсытэце будзе каштаваць амаль 8500 даляраў. Гэта 4,5 месяца працы зь сярэднім польскім заробкам. Такі кошт выстаўлены для замежнікаў, бо для грамадзян Польшчы ў суседняй краіне амаль уся вышэйшая адукацыя бясплатная. Атрымаць адукацыю дыплямата ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве будзе каштаваць столькі ж.
Самай дарагой з бліжэйшых да Беларусі краін аказалася адукацыя ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ламаносава. За ўвесь час навучаньня там хочуць атрымаць больш за 18 тысяч даляраў. Гэта 23 месяцы працы зь сярэднім заробкам. Такая цана як для будучых ІТ-спэцыялістаў, так і для дыпляматаў.
Беларуская статыстыка не агучвае колькасьці выпускнікоў, якія замест беларускіх выбіраюць замежныя ўнівэрсытэты. У Беларусі цяпер працуе 50 ВНУ, летась у іх паступілі 54 300 студэнтаў.