Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: ПВК «Вагнэр» вырашыла адпусьціць па дамах былых вязьняў, завэрбаваных у калёніях


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Байцы ПВК «Вагнэр»
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Байцы ПВК «Вагнэр»

Камандаваньне ПВК «Вагнэр» вырашыла адпусьціць па дамах усіх былых зьняволеных, завэрбаваных у расейскіх турмах, сьцьвярджае выданьне «Важные истории», якое вывучыла паведамленьні сваякоў наймітаў ПВК «Вагнэр» і прадстаўнікоў групоўкі ў іх закрытых чатах.

Паводле зьвестак выданьня, многія найміты цяпер знаходзяцца ў гатэлях Анапы ў чаканьні памілаваньня.

«Усіх вывезьлі да канца кантракту ў Анапу, раней не адпусьцяць, дзень у дзень! Увесь „праект К“ зачыніўся (так унутры ПВК называюць сыстэму вярбоўкі зьняволеных у калёніях)», — напісала прадстаўніца ПВК «Вагнэр».

Журналіст «Важных историй» таксама зьвязаўся ў чатырма сваякамі наймітаў ПВК «Вагнэра», назваўшыся блізкім найміта. Усе яны, як паведамляецца, пацьвердзілі знаходжаньне былых вязьняў у гатэлях Анапы. Па словах адной са сваякоў, усіх вязьняў адпусьцяць з гатэляў дадому, а далей яны пры жаданьні змогуць падоўжыць кантракт з ПВК «Вагнэр», каб паехаць у Беларусь ці Афрыку.

Былыя вязьні, як высьветліла выданьне, знаходзяцца ў гатэлях «Рэлакс», «Кактус» і «Каліпса» ў пасёлку Віцязева. Агулам там каля 400 вагнэраўцаў, распавяла адна з удзельніц чату. Паводле яе, іх не выпускаюць за тэрыторыю атэляў, пакуль яны не атрымаюць памілаваньне і выплаты. Некаторыя найміты сядзяць у гатэлях ужо два месяцы, распавяла іншая сваячка баевіка журналісту. «Гэта тое ж самае, [што і ў зьняволеньні], толькі ў Анапе», — сказала яна.

Тэлеграм-канал Astra раней пісаў, што найміты ПВК занялі многія гатэлі ў Краснадары. Мясцовыя скардзіліся на п’янства і хуліганства зь іхняга боку.

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. «Вагнэраўцы» бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Вязьняў у склад ПВК «Вагнэр» пачалі вэрбаваць улетку 2022 году. Бізнэсоўца Яўген Прыгожын асабіста езьдзіў па калёніях і абяцаў асуджаным, якія пагодзяцца паехаць ва Ўкраіну, грошы і памілаваньне праз паўгода ўдзелу ў баявых дзеяньнях. У ПВК «Вагнэр» бралі ў тым ліку асуджаных за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы.
  • У лютым 2023 году ПВК спыніла вярбоўку асуджаных, колькі ўсяго вязьняў завэрбавалі, дакладна невядома. Кіраўнік фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава казала, што ПВК «Вагнэр» магла прыцягнуць да 50 тысяч зьняволеных. 18 чэрвеня заснавальнік ПВК Яўген Прыгожын заявіў, што дадому пасьля ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне вярнуліся 32 тысячы былых вязьняў. Да гэтага ў траўні ён казаў, што за ўвесь час вайны ва Ўкраіне загінулі 20 тысяч наймітаў і палова зь іх — гэта завэрбаваныя вязьні.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Байцы ПВК ужо прыбылі на тэрыторыю Беларусі. Міністэрства абароны Беларусі 14 ліпеня заявіла аб тым, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня, да гэтага колькасьць наймітаў, якія дабіраліся ў Беларусь сваім ходам, ня ў складзе арганізаваных калёнаў, ацэньвалася праектам у раёне 200 чалавек. З 11 ліпеня, паводле падлікаў праекту, у Беларусь прыбылі агулам ужо 8 калёнаў наймітаў ПВК «Вагнэра», у якіх агулам налічылі каля 550-620 машын.
  • На падставе аналізу сьвежага спадарожнікавага здымку ад сэрвісу Planet Labs ад 19 ліпеня ў 6.29 раніцы, які правяла Свабода, можна сказаць, што транспартных сродкаў каля намётавага лягеру на тэрыторыі вайсковай часткі ў вёсцы Цэль агулам ня менш за 485. Сярод угледжаных аб’ектаў не відаць цяжкай вайсковай тэхнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG