Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі Гаюн»: у Беларусь прыбылі яшчэ 2 калёны ПВК «Вагнэр», у іх сама меней 150 машын


Russia - convoy of trucks and military vehicles, some of them with p.m.c. wagner flags on a highway in southern russia. undated
Russia - convoy of trucks and military vehicles, some of them with p.m.c. wagner flags on a highway in southern russia. undated

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» 19 ліпеня паведаміў, што зафіксаваў прыбыцьцё яшчэ 2 калёнаў ПВК «Вагнэра» ў Беларусь. Прыбыцьцё другой калёны таксама зафіксавалі чытачы выданьня «Зеркало».

У раёне 2-ой гадзіны ночы 19 ліпеня па трасе Р43 з боку Рагачова ў напрамку Бабруйска рухалася 7-я калёна ПВК «Вагнэр», паведамляе «Беларускі Гаюн». Яна налічвала сама меней 50 адзінак тэхнікі наймітаў ПВК «Вагнэра», сярод якой былі заўважаныя: пікапы, мінімум 2 аўтобусы ПАЗ, КамАЗы і Ўралы тэнтаваныя, сама меней 8 «буханак» і фуры. Калёна рухалася ў суправаджэньні ДАІ Беларусі, частка тэхнікі была пазначаная лістамі з парадкавым нумарам.

Таксама сёньня раніцай расейска-беларускую мяжу перасекла 8-я калёна ПВК «Вагнэр», яна прайшла, як і ўсе папярэднія, па Р43 і далей па М5. У раёне 15:30 яна ўжо рухалася па трасе М5 ад Бабруйска ў напрамку да Асіповічаў.

Паводле інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн», 8-я калёна наймітаў Прыгожына налічвала каля 100-150 аўтамабіляў: пікапы, «буханкі», тэнтаваныя Ўралы і КамАЗы, 2 мікрааўтобусы, аўтобусы ПАЗ, грузавыя ГАЗы і інжынэрная/будаўнічая тэхніка. Большасьць машын на нумарах так званай «ЛНР».

Верагодна, гэтую ж калёну, ужо бліжэй да Асіповічаў, заўважылі і чытачы выданьня «Зеркало», якія адзначылі, што ў ёй было шмат будаўнічых кранаў «Іванавец», грузавікі, а таксама легкавыя аўтамабілі і пікапы.

  • 18 ліпеня «Беларускі Гаюн» паведаміў пра прыбыцьцё трох калёнаў ПВК «Вагнэра» ў Беларусь. Паводле зьвестак праекту, у іх агулам налічвалася 270-300 адзінак тэхнікі.
  • Паводле «Беларускага Гаюна», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня, да гэтага колькасьць наймітаў, якія дабіраліся ў Беларусь сваім ходам, ня ў складзе арганізаваных калёнаў, ацэньвалася праектам у раёне 200 чалавек. З 11 ліпеня, паводле падлікаў праекту, у Беларусь прыбылі агулам ужо 8 калёнаў наймітаў ПВК «Вагнэра», у якіх агулам налічылі каля 550-620 машын.
  • На падставе аналізу сьвежага спадарожнікавага здымку ад сэрвісу Planet Labs ад 19 ліпеня ў 6.29 раніцы, які правяла Свабода, можна сказаць, што транспартных сродкаў каля намётавага лягеру на тэрыторыі вайсковай часткі ў вёсцы Цэль агулам ня менш за 485. Сярод угледжаных аб’ектаў не відаць цяжкай вайсковай тэхнікі.
  • Актыўнасьць у закінутым вайсковым гарадку ў вёсцы Цэль пачалася адразу пасьля мяцяжа ПВК «Вагнэр» на чале зь Яўгенам Прыгожыным 24 чэрвеня 2023 году ў Расеі. Паводле вэрсіі Аляксандра Лукашэнкі, гэта ён здолеў дасягнуць кампрамісу паміж расейскімі ўладамі і Прыгожыным і запрасіў наймітаў «Вагнэра» ў Беларусь.
  • 27 чэрвеня Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, як плянуецца, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі паведаміла пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG