Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 ліпеня: беларуса, затрыманага за камэнтар пра сьмерць Макея, судзяць паводле 7 крымінальных артыкулаў


Менскі гарадзкі суд. Ілюстрацыйнае фота
Менскі гарадзкі суд. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі працягваюцца.

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс над Аляксеем Кавалёвым, якога затрымалі на пачатку сьнежня 2022 году за камэнтар пра сьмерць міністра замежных спраў Уладзімера Макея.

Падсудны абвінавачваецца паводле 7 артыкулаў КК: 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч. 1 і 2 арт. 366 («Гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»), ч. 3 арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Справу разглядае судзьдзя Пісарэвіч, паведамляе BPN.

Жыхара Бярозы асудзілі на тры месяцы арышту за інтэрнэт-камэнтар у 2020 годзе

У судзе Бярозаўскага раёну 27 чэрвеня асудзілі Івара Ланге паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу.

Судзьдзя Дзьмітры Кавалевіч прызначыў Івару тры месяцы арышту.

Мужчыну ўтрымлівалі пад вартай з 25 красавіка. Яго абвінавацілі ў тым, што 28 жніўня 2020 году ў стане алькагольнага ап’яненьня ён пакінуў, на думку суду, абразьлівы камэнтар у «Аднаклясьніках» пад фатаздымкам намесьніка начальніка РАУС у ідэалягічнай працы і кадравым забесьпячэньні. Мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зьдзейсьненым.

Таксама зь Івара спагналі грашовую кампэнсацыю маральнай шкоды памерам 1000 рублёў.

Івара Ланге абвясьцілі ў вышук за тое, што «схаваўся ад сьледзтва».

За ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе асудзілі Аляксея Скірду

У судзе Ленінскага раёну Менску вынесены прысуд 25-гадоваму лягісту ТАА «Газцеплагандаль» Аляксею Скірдзе, абвінавачанаму ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 КК. Справу разглядала судзьдзя Марына Клімчук.

Па матэрыялах абвінавачваньня, Аляксей, «выкарыстоўваючы ў якасьці пратэставай сымболікі палатно бел-чырвона-белага колеру, рухаўся па праспэкце Незалежнасьці, блякаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку не падпарадкоўваўся патрабаваньням супрацоўнікам міліцыі». Пазьней яго апазналі на фатаздымках.

Суд прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG