Паўтара месяца судзяць баранавіцкага лекара
У Берасьцейскім абласным судзе паўтара месяца доўжыцца суд над 40-гадовым лекарам з Баранавіч Валерыем Хаменкам. Лекара брыгады інтэнсіўнай тэрапіі станцыі хуткай дапамогі абвінавачвалі ў рэабілітацыі нацызму.
Спачатку яго абвінавацілі ў тым, што ў сацсетцы «Ўкантакце» ён зрабіў рэпост публікацыі, дзе побач параўноўваліся ўлёткі з нацысцкай Нямеччыны і з сучаснай Расеі. Да ўлётак Валеры прыпісаў: «Рашызм».
Але на судзе 5 ліпеня пракурорка ўдакладніла абвінавачаньне. Яно стала гучаць так: Хаменка распальваў варожасьць у адносінах да расейцаў і жыхароў Расеі шляхам публікацыі некалькіх рэпостаў і камэнтароў «УКантакце». Такім чынам Валеры, на думку пракуроркі, зьдзейсьніў злачынства паводле ч.1 арт.130 КК («Распальваньне варожасьці»).
У Бабруйску яшчэ раз асудзілі палітвязьня Сяргея Франчука
У судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску вынесьлі прысуд па справе палітзьняволенага Сяргея Франчука. Гэтым разам яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Справу разглядала судзьдзя Вольга Серакова. Да першага прысуду — 3 гады пазбаўленьня волі — Франчуку дадалі яшчэ паўгода.
Новы суд над Франчуком пачаўся яшчэ ў траўні, аднак у працэсе абвясьцілі перапынак да моманту разгляду ягонай апэляцыйнай скаргі на папярэдні прысуд. Прадказальна, касацыйная скарга Сяргея, якую разглядаў Вярхоўны суд, засталася без задавальненьня, а прысуд Менскага гарадзкога суду ад 27 красавіка пакінулі бязь зьмен.
Сяргей — стрыечны брат прадстаўніка палку Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.