У судзе Жлобінскага раёну 21 чэрвеня вынесьлі прысуд яшчэ адной удзельніцы жнівеньскай акцыі пратэсту 2020 году. 21-гадовую Лаліту Козыраву абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу, паведамляе «Вясна».
Справу разглядала судзьдзя Натальля Качалава. Да суду Лаліта Козырава знаходзілася на волі, пад паручальніцтвам.
Згодна з пратаколам агляду прадметаў ад 25 красавіка 2023 года, былі зафіксаваныя характарыстыкі кашулі, канфіскаванай у Козыравай.
Пры аглядзе кашулі і супастаўленьні яе зь відэафайламі камэр відэаназіраньня ўстаноўлена, што менавіта ў ёй была абвінавачаная ў той вечар на акцыі пратэсту.
Суд пастанавіў прызначыць ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год і 6 месяцаў.
У Пружанах мужчыну затрымалі за камэнтары наўпрост на працы – яго выводзілі ў кайданках і з мяшком на галаве
У праўладным канале ўчора зьявілася відэа зь Яўгенам Пеляхатым. Паводле інфармацыі @viasna_brest, яго затрымаў ГУБАЗіК 1 чэрвеня на працы з прымяненьнем «спэцсродкаў і фізычнай сілы».
Цяпер мужчына ў СІЗА чакае суда, яго абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (распальваньне варожасьці) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).