Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АР: У Расеі стварылі «сетку турмаў для ўкраінцаў», у іх вязьняў катуюць і прымушаюць да рабскай працы


Ілюстрацыйнае фота. Украінскі ваеннапалонны пасьля вызваленьня, 11 чэрвеня 2023 году
Ілюстрацыйнае фота. Украінскі ваеннапалонны пасьля вызваленьня, 11 чэрвеня 2023 году

Тысячы ўкраінцаў утрымліваюць у сетцы афіцыйных і неафіцыйных турмаў па ўсёй Расеі і на акупаваных тэрыторыях, дзе іх катуюць, ужываюць супраць іх псыхалягічны гвалт, прымушаюць да рабскай працы, паведамляе агенцтва Associated Press.

Спасылаючыся на расейскі ўрадавы дакумэнт, які апынуўся ў распараджэньні рэдакцыі АР, заходняе інфармагенцтва адзначае, што ў будучыні ў Расеі плянуюць пабудаваць дзясяткі новых падобных турмаў. У іх, як сьцьвярджаецца, утрымліваюць як вайскоўцаў, так і цывільных. У сувязі з жорсткім абыходжаньнем са зьняволенымі AP указвае на парушэньне Жэнэўскіх канвэнцый.

Рэакцыі расейскіх афіцыйных асобаў на публікацыю няма.

Агенцтва піша, што правяло дзясяткі гутарак з былымі ўкраінскімі ваеннапалоннымі і зьняволенымі, сем’ямі затрыманых, супрацоўнікамі ўкраінскай выведкі, а таксама прааналізавала спадарожнікавыя здымкі, дакумэнты, лісты Чырвонага Крыжа, матэрыялы сацсетак. Паводле інфармацыі агенцтва, шмат людзей затрымлівалі за размовы на ўкраінскай мове або за знаходжаньне ў акупаваным рэгіёне і пакідалі пад вартай часьцяком без прадʼяўленьня абвінавачаньняў. Іншых узялі пад варту як тэрарыстаў, камбатантаў ці асобаў, якія «чыняць супраціў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (так расейскія ўлады называюць уварваньне ва Ўкраіну).

Усе былыя вязьні, зь якімі размаўлялі карэспандэнты AP, расказалі пра катаваньні: зьбіцьцё да пераломаў, удары электрычным токам, імітацыі ўдушэньня. Многія сьцьвярджалі, што былі сьведкамі сьмерцяў.

У чэрвеньскім дакладзе ААН аб затрыманьнях цывільных — у кантэксьце расейскага ўварваньня — таксама гаварылася пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне. Пра іх, паводле аўтараў дасьледаваньня ААН, расказалі больш за 90% зьняволеных.

Таксама AP высьветліла, што сотні затрыманых прымушалі рыць акопы і ямы для масавых пахаваньняў. У далейшым вязьні служаць «разьменнай манэтай пры абмене на расейскіх салдат», хоць міжнароднае права забараняе абмен цывільных на ваеннапалонных, адзначае агенцтва.

Вызначыць, колькі грамадзян Украіны цяпер утрымліваюць пад вартай, немагчыма. Расея адмаўляе факт утрыманьня цывільных асобаў. Кіеў падазрае, што ў расейскіх турмах дасюль утрымліваюць прыкладна 10 тысяч мірных жыхароў з Украіны. Паводле падлікаў праваабаронцы Ўладзіміра Асечкіна, заснавальніка праекту Gulagu.net, на якога спасылаецца AP, Расея ўтрымлівае сама меней 8 тысяч цывільных.

Паводле зьвестак агенцтва, цяпер на акупаваных тэрыторыях Украіны дзейнічае сама меней 63 (паводле дадзеных ААН — 125) турмаў і іх аналягаў — ад новых турэмных карпусоў да захламленых скляпоў, — дзе ўтрымліваюць украінскіх грамадзян. Акрамя таго, AP задакумэнтавала мноства выпадкаў, калі ўкраінцаў адпраўлялі і ў расейскія турмы — сама меней у 40 (па дадзеных ААН, у 37).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG