Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для палітычных самае горшае. Таму так адбылося». Былыя зьняволеныя пра ўмовы ў вязьніцы, дзе трымалі Алеся Пушкіна


Турма ў Горадні. Архіўнае фота
Турма ў Горадні. Архіўнае фота

11 ліпеня загінуў мастак Алесь Пушкін. Да сьмерці ў рэанімацыі шпіталя ён адбываў пакараньне ў горадзенскай «крытай» турме. Свабода пагутарыла зь яе былым вязьнем.

«Там аддасі ўсё здароўе, гэта дакладна»

Максім (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) адбываў тэрміны ў розных карных установах Беларусі. Турму ў Горадні ён называе «страшным месцам», дзе «ты аддасі ўсё здароўе». Па словах былога зьняволенага, вязьняў там трымаюць у камэрах, яны ня бачаць сонечнага сьвятла. Ад гэтага, па словах суразмоўцы, у многіх хутка пачынаюцца хваробы зроку, лёгкіх і скуры.

«Часам па целе пачынаюцца высыпаньні, яно літаральна пачынае гнаіцца, бо няма паветра, няма сонечнага сьвятла, няма нармальнага харчаваньня», — тлумачыць Максім.

Частыя праблемы ў вязьняў і са страўнікам, кажа былы зьняволены. «Перадачы з волі абмежаваныя да мінімуму. Харчаваньне там вельмі паганае. Гэта бульба, сечка (драблёныя крупы. — РС), панцак (каша зь ячных крупаў. — РС) і часам нешта падобнае да тлушчу. З такім харчаваньнем, безь перадач, ногі хутка адкінеш. Ня кожны страўнік вытрымае такую ежу», — кажа былы зьняволены. Па яго словах, шпацыр вязьні маюць адзін раз у дзень, і той у закрытым бэтонным дворыку.

Некаторыя вязьні горадзенскай турмы, але зусім малы адсотак, працуюць на «дрэваапрацоўчай вытворчасьці». Яна знаходзіцца таксама ў камэрах.

Пасьля своеасаблівай рэформы, калі практычна ўсе зоны Беларусі сталі «чырвоныя» (у поўным падпарадкаваньні адміністрацыі калёніі. — РС), тых «блатных», хто хацеў захаваць свае паняцьці і статус, адправілі на «крытыя» турмы ў Магілёве, Горадні і Жодзіна. Турма ў Гародні цяпер практычна «чырвоная», то бок «пад адміністрацыяй», толькі некаторыя камэры засталіся «чорнымі» (там адбываюць пакараньне тыя, хто прытрымліваецца «блатных паняцьцяў» і не ідзе на супрацоўніцтва з адміністрацыяй. — РС). Напрыклад, цяпер у Горадні адбывае пакараньне «вор в законе» «Паштэт», расказвае Максім і дадае, што «блатныя» не працуюць у калёніях. «Але і палітычным, бо яны 100% на прафіляктычным уліку, ніхто працаваць ня дасьць, каб хоць капейкі зарабіць на „атаварку“», — дадаў суразмоўца.

«Звычайнага крымінальніка даставілі б у шпіталь, палітычнага — не»

Максім мяркуе, што для Алеся Пушкіна наўмысна стварылі асаблівыя ўмовы па загадзе зьверху.

«Там шмат спосабаў зламаць чалавека. Па-першае, голад. Калі ты пазбаўлены „атаваркі“, ня маеш перадач, то будзеш галадаць, і гэта скрадзе тваё апошняе здароўе. Па-другое, холад, які не спрыяе імунітэту. Трэцяе — ня ўсе маральна вытрымаюць адзіночную камэру, калі туды цябе кінуць. Чацьвёртае — нэрвы. Вось на гэтым умеюць там іграць добра канвойныя. У мяне была такая сытуацыя, што хацелі зламаць і абвясьцілі, што ў мяне сухоты. Іх у мяне не было, але гэта быў такі мэтад — трымаць чалавека ў невядомасьці, каб ён сябе накручваў. Шмат хваробаў менавіта ад нэрваў, ад такой атмасфэры, якую знарок ствараюць як канвойныя, так і „казлы“ (тыя зьняволеныя, якія дапамагаюць адміністрацыі. — РС) і стукачы па загадзе», — успамінае Максім.

Суразмоўца дадае, што звычайнаму крымінальніку пры моцных болях і скаргах на іх аказалі б мэдыцынскую дапамогу.

«Паводле закону, на першыя твае скаргі на здароўе супрацоўнікі мусяць рэагаваць: абсьледаваць, лячыць, вывозіць у рэспубліканскі турэмны шпіталь. Пры цяжкім выпадку выклікалі бы „хуткую“, далі бы дыету, урэшце. Але гэта для „нармальных“ вязьняў. Палітычным цяпер нічога не „паложана“. Для палітычных прадугледжана самае горшае, ніякага гуманізму. Таму так адбылося», — разважае Максім.

Ён таксама кажа, што «атаварка» для вязьняў у «крытай» турме магчымая на месяц толькі на адну базавую велічыню. Гэта 37 рублёў. Дазволена адно кароткатэрміновае спатканьне на год, «і тое праз шкло».

Максім расказаў, што раней у «крытай» турме ў Горадні трымалі розных крымінальных аўтарытэтаў.

«Там сядзелі „Коля Салдат“, „Валет“. Цяпер яны вызваліліся. Тады, літаральна гадоў дзесяць таму, „крытая“ турма лічылася „чорнай“. Там самі супрацоўнікі з павагай ставіліся да таго ж „Салдата“, там у тыя часы можна было здабыць і гарэлку, і наркотыкі. Туды сплаўлялі адпетых рэцыдывістаў. Цяпер туды кідаюць палітычных. Але для палітычных умовы горшыя, чым для каго. Лукашэнка разьвязаў у 2020 годзе рукі міліцыянтам, і цяпер яны могуць рабіць усё, што хочуць і што ім загадалі», — лічыць Максім.

«Стаўленьне і да крымінальнікаў, і да палітычных у мэдыкаў аднолькавае»

Свабода пагутарыла і зь іншым вязьнем, які адбываў пакараньне за крымінальныя злачынствы і вызваліўся ўзімку 2023 году. Аляксея (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) трымалі спачатку ў звычайнай калёніі, потым — у крытай турме. Ён сьцвярджае, што мэдыцынская дапамога аднолькава не аказваюць як крымінальнікам, так і «палітычным».

«Як будзеш скардзіцца на моцны боль, то максымум атрымаеш абязбольвальнае. На гэтым усё. Мы, усе вязьні, ня людзі для мэдыкаў. Прыходзіш са скаргай, ён кажа: „Ты исполняешь“, што значыць — хлусіш. І кажа: „Не исполняй мне здесь“. На гэтым усё, нічога не дакажаш», — сьцьвярджае Аляксей.

Ён дадае, што трапляў у рэспубліканскі турэмны шпіталь, але гэта адбылося толькі дзякуючы настойлівасьці сваякоў.

«Сам я колькі ні скардзіўся — нуль. Дабіцца лячэньня могуць толькі сваякі з волі. І тое гэта такая лятарэя. Бо калі супрацоўнікам адміністрацыі гэта надакучыць, яны могуць і „ўгаманіць“ цябе. Гэта значыць прыгразіць, што калі сваякі працягнуць скардзіцца, то атрымаеш пагаршэньне ўмоў утрыманьня», — кажа былы вязень.

«Калі б ён сядзеў у „масе“, то супрацоўнікі мусілі б дапамагчы яму»

Суразмоўца тлумачыць альгарытм магчымых дзеяньняў мэдыкаў у крытай турме.

«„Хуткай“ сваёй там няма. Калі табе блага і фэльчар вырашыць, што сапраўды ты можаш памерці, цябе павязуць у шпіталь гораду на аўтазаку. Калі ж чалавеку блага і прыедзе „хуткая“ на „крытую“, то проста так яе не запусьцяць. Гэта мінімум паўтары гадзіны будзе афармленьне паперак. Ну і ўсё, чалавек памёр», — разважае Аляксей.

Ён пацьвердзіў, што ў горадзенскай турме ёсьць падзелы паміж асуджанымі. Па словах суразмоўцы, некаторыя камэры заселеныя «прыхільнікамі» блатных паняцьцяў.

«Я думаю, што ў выпадку з гэтым палітычным (Алесем Пушкіным. — РС) злую ролю сыграла тое, што ён яўна не сядзеў у „масе“, то бок не з прыхільнікамі крымінальных паняцьцяў. Бо калі б ён быў у „масе“, то астатнія асуджаныя паднялі б страшны гвалт, што чалавеку блага, а мэдыцынскай дапамогі няма. То бок усе б крычалі, ляпалі, і супрацоўнікам давялося б аказаць дапамогу. Значыць, ён ці быў у адзіночцы, ці сядзеў зь іншым кантынгентам. Бо ёсьць яшчэ іншыя катэгорыі, мы іх называем „нечысьць“ і „шэрсьць“ — гэта тыя, хто не прытрымліваецца „людзкога“, што значыць крымінальнага», — кажа Аляксей.

Ён сумняваецца, што палітычны мог доўгі час сядзець у адзіночнай камэры.

«Першым часам мог сядзець. Потым яго ўсё роўна кінулі б у кучу, бо камэр на ўсіх ня хопіць», — дадаў Аляксей.

Суразмоўца кажа, што нават калі б Алесю Пушкіну прызначылі дыетычнае харчаваньне, то «гэта б нічога ня значыла».

«У іх падзел на тых, каму трэба дыета, а каму — не, толькі на паперах. У рэальнасьці ну можа табе дадуць лішняе яечка калі ці кавалак мяса. Ніхто ніякія нормы дыеты ня выконвае насамрэч, усім аднолькавы харч даюць», — кажа былы зьняволены.

Палітзьняволены мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі горадзенскага шпіталя хуткай мэдыцынскай дапамогі 11 ліпеня. Паводле інфармацыі Свабоды, туды яго прывезьлі ў непрытомным стане ўначы. Празь дзень пасьля сьмерці некалькі незалежных выданьняў са спасылкай на крыніцы ў мэдыцынскім асяродку паведамілі, што прычынай сьмерці Алеся Пушкіна стала прабадная язва страўніка і неаказаньне своечасовай мэдыцынскай дапамогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG