Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы разьбілі міжнародную групу арганізатараў нелегальнай міграцыі празь беларускую мяжу


Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Затрымалі 10 падазраваных.

Польскія памежнікі сумесна з паліцыяй і пракуратурай разьбілі міжнародную злачынную групу, якая займалася незаконным увозам мігрантаў зь Беларусі і перапраўляла іх да Нямеччыны, паведамляе Памежная служба Польшчы.

Кожны мігрант мусіў заплаціць кантрабандыстам 5000 эўра, каб нелегальна перасячы мяжу зь Эўразьвязам. Агулам група кантрабандыстаў арганізавала незаконны пераход мяжы ня менш як для 200 іншаземцаў з 2021 году.

Сьледчыя затрымалі 10 падазраваных грамадзян Польшчы. Сярод іх двое маглі ўзначальваць гэтую групу. Арышт для ўсіх удзельнікаў групоўкі аказаўся нечаканым. Асабліва для аднаго, імаверна, лідэра, які адбываў пакараньне ў турме ў іншай справе. Выяўленьне і затрыманьне падазраваных вялося шмат месяцаў.

Мігрантаў, якія перасеклі беларуска-польскую мяжу, падбіралі людзі на аўтамабілях і везьлі да мяжы зь Нямеччынай. Там іх высаджвалі, і іншаземцы пешшу перасякалі нямецкую мяжу, пасьля чаго заставаліся ў Нямеччыне ці адпраўляліся ў іншыя краіны Заходняй Эўропы.

Сьледчыя канфіскавалі маёмасьць падазраваных, у тым ліку грошы і каштоўнасьці, а таксама наркотыкі і зброю, якія перадалі на экспэртызу.

Пракуратура выставіла затрыманым абвінавачаньне ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, а таксама амаль 50 абвінавачаньняў у арганізацыі нелегальнага пераходу польскай мяжы. Два чалавекі падазраюцца ў кіраўніцтве групай, ім пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG