Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што на беларускіх палігонах Беларусі рыхтуюцца прыняць «чарговую зьмену» расейскіх вайскоўцаў са складу супольнай рэгіянальнай групоўкі войскаў.
«Папярэдняя плянавая ратацыя падразьдзелаў са складу расейскага складніка Рэгіянальнай групоўкі войскаў, якія ажыцьцяўлялі сваю падрыхтоўку на палігонах Беларусі, праводзілася больш за месяц таму і пасьпяхова завершана», — адзначаецца ў тэлеграм-канале Міністэрства абароны Беларусі.
Згодна з паведамленьнем, нягледзячы на плянавыя заняткі па баявой падрыхтоўцы, супольная групоўка войскаў «пры стварэньні пагроз ваеннай бясьпецы Саюзнай дзяржавы заўсёды гатова да неадкладнага задзейнічаньня для забесьпячэньня бясьпекі і абароны».
«Апроч таго, па прыбыцьці прадстаўнікоў ПВК „Вагнэр“ і іх разгрупаваньня па палігонах для правядзеньня заняткаў і ўзаемнага абмену досьведам, асаблівую ўвагу плянуецца надаць прыёмам і спосабам вядзеньня баявых дзеяньняў Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі.
11 ліпеня Мінабароны Беларусі паведаміла, што з 10 да 14 ліпеня ў краіне адбываюцца апэратыўна-спэцыяльныя вучэньні войскаў сувязі.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.