Сярод фальшывай інфармацыі, якую распаўсюджваюць у Twitter, вялікае месца займаюць паведамленьні з рахункаў, якія атрымалі платную вэрыфікацыю і так званы блакітны значок, — піша BBC. Гэтыя акаўнты плацяць за тое, каб іх паведамленьні было відаць большай колькасьці чытачоў.
BBC дае шэраг прыкладаў такіх фэйкавых паведамленьняў, якія вельмі актыўна пашыраліся ў Twitter:
- Што пратэстоўцы ў Францыі нібыта стралялі ў паліцыю са зброі, якую ЗША пастаўляла ва Ўкраіну.
- Што расейскія вайскоўцы нібыта знайшлі ва Ўкраіне «фабрыкі», на якіх гадавалі дзяцей, каб потым прадаваць іх у бардэлі альбо браць у іх органы для трансплянтацыі.
- Што ракетны ўдар па Краматорску, ад якога загінулі мірныя жыхары, нібыта нанесла Ўкраіна, а не Расея.
Журналісты BBC зьвярнуліся ў прэсавую службу Twitter, але там адмовіліся ад камэнтару.
Пасьля таго, як мільярдэр Ілан Маск набыў Twitter, сёлета там зьмянілася сыстэма вэрыфікацыі. Блакітныя птушачкі зьніклі са старонак шэрагу славутых людзей, уключна з Папам Рымскім, Кім Кардаш’ян, Beyonce, Білам Гейтсам, Дональдам Трампам і іншымі. Замест гэтага такія пазнакі стала магчыма набываць праз платную падпіску.