Амэрыканская кампанія Meta выпусьціла сацыяльную сетку Threads, аналягічную свайму канкурэнту Twitter, піша The Guardian.
Па словах гендырэктара Meta Марка Цукербэрга, за першыя гадзіны працы ў сацсетцы зарэгістраваліся больш за пяць мільёнаў карыстальнікаў. Для ўваходу ў Threads патрабуецца акаўнт у Instagram. Пры гэтым у новай сацсетцы захаваюцца падпіскі на інстаграм-профілі, якія таксама выкарыстоўваюць Threads.
Meta заявіла, што плянуе зрабіць Threads сумяшчальнай з ActivityPub — тэхналёгіяй, якая дазваляе пераносіць свае акаўнты і падпісчыкаў у іншыя аплікацыі. Гэта адкрые «новую эру разнастайных і ўзаемазлучаных сетак», паведаміла кампанія.
У Threads можна пісаць паведамленьні даўжынёй да 500 сымбаляў і публікаваць пяціхвілінныя відэа. Цяпер аплікацыя даступная ў крамах Apple і Google у сотні краін, у тым ліку ў Беларусі. У Эўразьвязе яе пакуль спампаваць нельга праз заканадаўчыя абмежаваньні.
Threads выйшла на рынак у час, калі Twitter робіць усё больш спрэчныя крокі. Так, у выходныя сацсетка абмежавала колькасьць твітаў, даступных для прагляду, да 600 для большасьці карыстальнікаў. Раней паведамлялася, што ўладальнік Twitter Ілан Маск звольніў адмыслоўцаў па барацьбе з прапагандай. Экспэрты казалі, што праз гэта сацсетка «будзе рабіцца ўсё менш і менш бясьпечнай».