Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя амэрыканскіх навукоўцаў не знайшла пацьвярджэньняў завозу ядзернай зброі ў Беларусь


Спадарожнікавыя здымкі магчымага месца захоўваньня ядзернай зброі пад Асіповічамі, на якіх відаць будаўніцтва дадатковых пэрымэтраў бясьпекі
Спадарожнікавыя здымкі магчымага месца захоўваньня ядзернай зброі пад Асіповічамі, на якіх відаць будаўніцтва дадатковых пэрымэтраў бясьпекі

Фэдэрацыя амэрыканскіх навукоўцаў (FAS) вывучыла спадарожнікавыя здымкі вайсковых і чыгуначных аб’ектаў у Беларусі і ня выявіла прыкметаў разьмяшчэньня або транспартаваньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусь, гаворыцца ў адпаведнай справаздачы.

На здымках навукоўцы выявілі будаўніцтва падвойнай агароджы перымэтру бясьпекі вакол вайсковага склада ля Асіповічаў, які патэнцыйна можа быць месцам захоўваньня ядзернай зброі. Узьвядзеньне дадатковай агароджы пачалося неўзабаве пасьля наведваньня аб’екту высокапастаўленым афіцэрам расейскага Мінабароны на прадмет патэнцыйнай мадэрнізацыі для захоўваньня ядзернай зброі — пра гэта ў справаздачы гаворыцца са спасылкай на нейкі закрыты даклад ЦРУ ад канца лютага.

Аўтары справаздачы адзначаюць, што ў Асіповіцкім раёне дысьлякуюцца пускавыя ўстаноўкі двайнога прызначэньня «Іскандэр», якія Расея паставіла Беларусі ў 2022 годзе. Цікава, што гэты вайсковы склад зброі знаходзіцца прыкладна за 25 кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад закінутай вайсковай базы, якую, паводле The New York Times, могуць выкарыстаць для разьмяшчэньня байцоў ПВК «Вагнэр». Аднак гэта не азначае ніякай сувязі паміж групай «Вагнэр» і расейскімі ядзернымі сіламі ў Беларусі, якія будуць знаходзіцца пад кантролем 12-га Галоўнага ўпраўленьня Мінабароны Расеі, адзначаецца ў справаздачы.

Яе аўтары падкрэсьліваюць, што яны ня могуць адназначна вызначыць, што склад пад Асіповічамі прызначаны ці будзе ў будучыні скарыстаны для захоўваньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. Ім не ўдалося выявіць ніякіх візуальных сьведчаньняў будаўніцтва там адпаведнай інфраструктуры.

Як адзначылі навукоўцы, пэрымэтр бясьпекі на складзе ў Асіповічах мае 2 агароджы, у той час як на расейскіх аб’ектах захоўваньня ядзерных аб’ектаў звычайна 3-4 лініі агароджы. Унутры агароджы таксама не відаць бункера, што зьяўляецца яшчэ адной тыповай прыкметай расейскіх сховішчаў ядзернай зброі. Апроч фізычнай абароны, для ядзернай зброі патрабуюцца сховішчы з рэгуляваным кліматам, адзначаюць навукоўцы. Не відаць і аб’ектаў, дзе можна было б разьмясьціць асабовы склад расейскага 12-га Галоўнага ўпраўленьня Мінабароны РФ (яно адказвае за ядзерна-тэхнічнае забесьпячэньне і бясьпеку).

Акрамя таго, склад знаходзіцца побач зь месцам захоўваньня звычайных выбуховых рэчываў. Было б вельмі дзіўна, калі б звычайныя і ядзерныя боегалоўкі захоўваліся ў межах аднаго і таго ж пэрымэтру, гаворыцца ў справаздачы.

Паводле навукоўцаў, большасьць расейскіх базаў, дзе разьмешчаныя «Іскандэры», маюць шырокія дапаможныя аб’екты і месцы для захоўваньня ракет. Пад Асіповічамі нічога такога няма. Магчыма, беларускія вайскоўцы выкарыстоўваюць іншыя стандарты захоўваньня і патэнцыйна могуць выкарыстоўваць засыпаныя зямлёй бункеры, адзначаецца ў справаздачы.

Аўтары дакладу таксама вывучылі спадарожнікавыя здымкі іншых ваенных аб’ектаў у месцах, згаданых у розных справаздачах (у прыватнасьці — аэрадромы пад Лідай і Баранавічамі), але не знайшлі візуальных доказаў, якія пераканаўча паказваюць на наяўнасьць дзейнага аб’екта ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Паводле іх, няма прыкметаў мадэрнізацыі, неабходнай для разгортваньня ядзернай зброі пад Лідай. На самых апошніх здымках заўважна будаўніцтва дадатковага пэрымэтру бясьпекі вакол склада боепрыпасаў. Як і ў выпадку з мадэрнізацыяй склада пад Асіповічамі, другі пэрымэтр бясьпекі не абавязкова мяркуе пад сабой разьмяшчэньне ядзернай зброі, гэта можа быць проста паляпшэньне наяўнай інфраструктуры бясьпекі.

Былі таксама некаторыя здагадкі, што авіябаза Баранавічы, абсталяваная больш сучаснымі зьнішчальнікамі Су-30СМ, можа быць патэнцыйным месцам разьмяшчэньня ядзернай зброі. Але і там прыкметаў мадэрнізацыі, неабходнай для гэтага, навукоўцы пакуль ня выявілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG