Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва, Латвія і Польшча заклікалі NATO перагледзець палітыку ядзернага стрымліваньня Расеі з улікам пагроз зь Беларусі


Прэзыдэнты Літвы, Польшчы, Украіны, Латвіі і Эстоніі на сустрэчы ў Кіеве 13 красавіка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнты Літвы, Польшчы, Украіны, Латвіі і Эстоніі на сустрэчы ў Кіеве 13 красавіка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Латвіі Гітанас Наўседа, Анджэй Дуда і Эгілс Левітс накіравалі генэральнаму сакратару і кіраўнікам краін NATO ліст, у якім заклікаюць ухваліць захады для супрацьдзеяньня пагрозам у сувязі з агрэсіўнымі дзеяньнямі Расеі і сытуацыяй у Беларусі.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце прэзыдэнта Літвы, кіраўнікі трох дзяржаў зьвярнулі ўвагу на тое, што супраца між Расеяй і Беларусьсю падрывае ня толькі бясьпеку рэгіёну, але і бясьпеку эўраатлянтычнай прасторы. Расея выкарыстоўвае тэрыторыю і рэсурсы Беларусі для жорсткай і незаконнай вайны супраць Украіны.

«Апошняя праява гэтага — разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, што абвастрае сытуацыю ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне і стварае прамую пагрозу бясьпецы нашага грамадзтва. Гэта яшчэ адно грубае парушэньне асноўнага акту NATO — Расея, якое дакладна паказвае, што гэты дакумэнт страціў моц», — адзначаецца ў лісьце лідэраў Літвы, Польшчы і Латвіі.

Кіраўнікі трох эўрапейскіх дзяржаў адзначылі таксама пагрозы, якія зьявяцца пасьля перамяшчэньня ў Беларусь «расейскай групоўкі наймітаў „Вагнэр“ і яе лідэра Яўгенія Прыгожына. У прыватнасьці, пагроза страты кантролю над звычайным і ядзерным узбраеньнем, а таксама новай хваляй незаконнай міграцыі на межах Эўразьвязу.

Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Латвіі лічаць, што народ Беларусі мусіць атрымаць дакладны сыгнал NATO аб важнасьць дэмакратычнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, незалежнай ад волі Расеі і ўнутранай барацьбы ў Крамлі.

Лідэры трох краін прапанавалі перагледзець палітыку ядзернага стрымліваньня, уключыць пагрозы, якія ідуць зь Беларусі, у працэс вайсковай адаптацыі NATO, своечасова разьмясьціць боепрыпасы на ўсходнім флянгу альянсу, павялічыць выдаткі на абарону і павялічыць устойлівасьць хаўрусьнікаў да гібрыдных пагроз.

У літоўскай сталіцы Вільні 11–12 ліпеня адбудзецца саміт NATO. Прадугледжваецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абмяркуюць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.

Апроч таго, на саміце ў Вільні можа быць ухвалена рашэньне ў сувязі з плянамі Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Цяпер да тэмы перамяшчэньня ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь дадалася імавернасьць пераезду на беларускую тэрыторыю вайскоўцаў-наймітаў групы «Вагнэр» пасьля іхнага мяцяжу ў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG