На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітоляг Іван Прэабражэнскі.
— 9 чэрвеня Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы заявіў, што разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца адразу ж пасьля завяршэньня 7–8 ліпеня падрыхтоўкі збудаваньняў для яе.
16 чэрвеня прэзыдэнт Расеі паведаміў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
6 ліпеня на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Ядзерную зброю даставілі не па зямлі. Перамясьцілі так, што ні вы, ні ў Штатах, ні Мі-6, ні ў Нямеччыне — нідзе гэтага не заўважылі».
Варта адзначыць, што заходнія краіны і Ўкраіна заяўлялі да нядаўняга часу, што ядзернай зброі ў Беларусі пакуль няма. Дык хто кажа праўду? Або няпраўда — гэта часам проста ваенная хітрасьць, увядзеньне праціўніка ў зман?
— Хутчэй за ўсё, ядзерныя боегалоўкі на тэрыторыю Беларусі дастаўленыя былі. Калі яны былі дастаўленыя — гэта асобнае пытаньне. Ёсьць такое адчуваньне, што яны маглі быць дастаўленыя яшчэ да пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. І яны ўвесь час замяняліся, сталага сховішча для іх не было. Мяркуючы па ўсім, сталыя сховішчы не гатовыя і дагэтуль. Вядома, што Расея перабазавала ядзерную зброю ў Крым пасьля анэксіі паўвострава. Там таксама былі вялікія праблемы са сховішчамі. Але Лукашэнка кажа, што нейкае ядзернае ўзбраеньне ўжо было дастаўленае. Сумнявацца ў яго словах не выпадае.
Але зброя можа знаходзіцца на бамбардзіроўшчыках, якія могуць у любы момант вярнуцца на тэрыторыю РФ. У гэтым сэнсе ня выключана, што маюць рацыю і заходнія краіны, і Лукашэнка з Пуціным у заявах пра наяўнасьць ядзернай зброі ў Беларусі. Захад кажа, што няма сталага базаваньня ядзернай зброі, а Лукашэнка і Пуцін мелі на ўвазе, што самалёты зь ядзернай зброяй на борце прыляцелі ў Беларусь.
— Якая сытуацыя з разьмяшчэньнем у Беларусі байцоў расейскай ПВК «Вагнэр» і якая пэрспэктыва гэтага разьмяшчэньня? Ці стала гэта больш зразумелым пасьля ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі?
— Мяркуючы па ўсім, сытуацыя падвешаная. Лукашэнка пацьвердзіў, што Прыгожын спакойна перасоўваецца з Расеі ў Беларусь і назад. А прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ на гэта кажа, фактычна, біблійнае: «Не вартаўнік я брату свайму», і дзе цяпер Прыгожын, Крэмль не хвалюе.
Што відавочна няпраўда, бо, паводле прэзыдэнта РФ, размова ідзе пра чалавека, які ўчыніў спробу вайсковага мяцяжу. Мяркуючы па ўсім, працягваюцца перамовы, прычым як паміж Крамлём і Прыгожыным, гэтак і паміж Расеяй і Беларусьсю. Расейскія незалежныя мэдыя паведамляюць, што лягеры ў Беларусі рыхтуюцца.
— Ня толькі расейскія незалежныя мэдыя. Беларуская служба Радыё Свабода абнародавала спадарожнікавыя здымкі будаўніцтва аднаго лягера — каля вёскі Цэль пад Асіповічамі. Але ёсьць пытаньне: для каго гэтыя лягеры? І ці не маштабная гэта імітацыя, маштабная апэрацыя дэзынфармацыі?
— Як ні дзіўна, у гэтым пытаньні часткова можна верыць Лукашэнку. Ён ня кажа, што вагнэраўцы масава зьбіраюцца перасоўвацца ў Беларусь. Ён кажа, што інструктары з ПВК «Вагнэр» у Беларусі зьявяцца. Я мяркую, што большая частка баяздольных чальцоў «Вагнэра» — фактычна тэрарыстаў — застанецца на часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны і ўвойдзе ў склад падразьдзяленьняў Міністэрства абароны РФ. ПВК пасьля мяцяжу Прыгожына ў Расеі яўна ня будуць у фаворы. Але ня выключана, што частка чальцоў кампаніі, найбольш блізкая да Прыгожына і да іншага кіраўніка ПВК — Дзьмітрыя Уткіна, можа прыехаць у Беларусь у якасьці інструктараў. І тады ў Беларусі, сапраўды, могуць зьявіцца трэніровачныя лягеры для баевікоў. Гэта могуць быць і беларускія вайскоўцы, але гэта могуць быць якія заўгодна вайскоўцы. Лукашэнка актыўна ўдзельнічае ў афрыканскай і азіяцкай палітыцы, ловячы рыбку ў мутнай вадзе. Гэта гульня на заробак. Лукашэнка атрымаў пэўны рэсурс, якім ён цяпер гуляе.
— Маніторынгавы цэнтар «Беларускі Гаюн» паведамляе, што ў Беларусі ўжо знаходзіцца каля 200 вагнэраўцаў. Гэта колькасьць адной роты. Магчыма, яны сапраўды будуць інструктарамі. Калі гварыць пра 8 ці 25 тысячаў чалавек, то столькі інструктараў беларускаму войску ня трэба. Дык, можа, тыя 200 чалавек — гэта і ўсе вагнэраўцы, якія прыедуць у Беларусь?
— Ядро ПВК «Вагнэр» — гэта максымум 2 тысячы байцоў. Зь іх 200–300 — гэта інструктары, якія дзейнічалі ў трэніровачных лягерах у Краснадарскім краі. Сам Прыгожын казаў, што мае 50 тысячаў байцоў. Нібыта палова зь іх удзельнічалі ў ягоным паходзе на Маскву. Але, паводле экспэртаў у сфэры бясьпекі, насамрэч у гэтым кідку ўдзельнічалі 5 тысячаў чалавек. У Прыгожына пасьля крывавых баёў за Бахмут наўрад ці засталося больш за 15 тысячаў чалавек. Міністэрства абароны РФ мае намер большую частку вагнэраўцаў інкарпараваць у склад рэгулярнай арміі. І застаюцца 1,5–2 тысячы, якія працуюць асабіста на Прыгожына на тэрыторыях Украіны, Расеі і Беларусі.
— Вы ўжо цытавалі словы Пяскова, маўляў, Крэмль не цікавяць перасоўваньні Прыгожына. Але той жа Пяскоў у інтэрвію сказаў: «Ад’езд Прыгожына ў Беларусь быў адной з умоваў спыненьня „маршу справядлівасьці“». Дык умовы выконваюцца? Або Прыгожын іх парушыў? Ці парушыў нехта іншы?
— Тут пытаньне, хто з кім заключаў дамову і наколькі рэальна выканаць яе ўмовы. Ёсьць абгрунтаваная гіпотэза, што асноўныя перамовы мог весьці не Лукашэнка, а расейскія сілавікі, у тым ліку і былы ахоўнік Пуціна, тульскі губэрнатар Дзюмін.
Лукашэнка ў дні мяцяжу выступіў шырмай і ратавальнікам. Яму ў Крамлі за гэта ўдзячныя. Але там хацелі б, каб ён трымаў Прыгожына і «Вагнэра» на тэрыторыі Беларусі. І тут узьнікае патэнцыйна канфліктная сытуацыя, бо Лукашэнка выразна кажа: «Я даў згоду, каб Прыгожын быў у Беларусі, калі ён гэтага захоча». Аднак Прыгожын не знаходзіцца ў Беларусі, і прымушаць яго заставацца беларускія ўлады не гатовыя. А ў той часткі расейскай улады, чыю пазыцыю агучвае Пяскоў, няма рэсурсаў, каб прымусіць Прыгожына знаходзіцца ў Беларусі і ня гойсаць у Расею. Гэта пазыцыя слабасьці. А Лукашэнка аказваецца ў моцнай пазыцыі адносна Масквы і не саромеецца гэта падкрэсьліваць.
— Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі ў сераду таксама сказаў: «А што тычыцца „здраднікі“, „мяцежнікі“ і іншае — гэта была першая рэакцыя прэзыдэнта Пуціна раніцай у суботу. Я думаю, што зь цягам часу яна, можа, і не памянялася, ацэнкі, можа, не зьмяніліся, але сталі значна мякчэйшыя». Ці сапраўды пазыцыя мяняецца? 24 чэрвеня мяцеж выглядаў сурʼёзна. А цяпер расейскія дзяржаўныя мэдыя падаюць гэта як нейкую апэрэтку, пастаноўку. Зь іншага боку, здрадніку і мяцежніку вяртаюць велізарныя грошы, сканфіскаваныя пры ператрусе, і нават пісталет, падараваны міністрам Шайгу. Ці сапраўды пазыцыя мяняецца?
— Мяркуючы па ўсім, ён для ўлады і мяцежнік, і не мяцежнік. Унутры расейскай улады існавалі некалькі групаў уплыву, якія паміж сабой у гэтай крытычнай сытуацыі канкуруюць. І 24 чэрвеня Пуцін сапраўды верыў, што Прыгожын — мяцежнік. Магчыма, Пуціна запалохвалі Прыгожыным.
Сытуацыю, якая не была радыкальнай, прадстаўлялі як гранічна радыкальную. Я паўтару — удзельнікаў гэтага маршу, паходу, было насамрэч максымум 5 тысячаў. Яны маглі даехаць да Масквы, маглі зладзіць крывавую перастрэлку. Але каб утрымліваць 15-мільённы мэгаполіс, у іх не было сілаў.
Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.