Палітоляг, былы супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Анатоль Котаў аналізуе, як Аляксандар Лукашэнка вымушаны будзе сутыкнуцца з наступствамі свайго ўдзелу ў сытуацыі з бунтам Прыгожына, заяўляе, што вагнэраўцы — гэта сур’ёзны канкурэнт для беларускіх сілавікоў, і лічыць, што Пуцін не забудзе момант свайго прыніжэньня.
Сьцісла:
Лукашэнка стаў для Масквы той асобай з даволі высокім статусам, якую ў крытычнай сытуацыі не шкада было выкарыстаць.
Фактычна Лукашэнка ня ведаў, на што «падпісаўся», калі пагаджаўся прыняць вагнэраўцаў у Беларусі.
Беларускія сілавікі разумеюць, што вагнэраўцы — гэта сур’ёзная рызыка, якая зьявілася ў краіне пад гарантыі Лукашэнкі.
Перажыць Пуціна — гэта адна зь відавочных мэтаў Лукашэнкі.
У сытуацыі з вагнэраўцамі Лукашэнка фактычна абразіў Пуціна і шмат каго з вышэйшага кіраўніцтва Расеі.
— На тле новых заяваў Лукашэнкі пра сытуацыю вакол вагнэраўцаў у Беларусі, а таксама з улікам таго, што ўжо мінуў пэўны час пасьля падзеяў вакол «бунту» Прыгожына — можна больш абгрунтавана і доказна рабіць высновы наконт таго, што ж гэта было і якія наступствы найбольш праяўляюцца. Якая вэрсія падзеяў бліжэйшая да рэальнасьці — тым больш, што вэрсіі Лукашэнкі і Крамля моцна разыходзяцца?
— Адметна, што ня толькі вэрсіі Крамля і Лукашэнкі разыходзяцца, аднак і розныя вэрсіі ад самога Лукашэнкі моцна адрозьніваюцца. Літаральна некалькі дзён таму ён казаў, што Пуцін зьбіраўся «мачыць» Прыгожына — а сёньня ўжо заяўляе, што Пуціну гэта ня трэба было.
Усё гэта сьведчыць пра тое, што роля Лукашэнкі ў гэтых падзеях даволі нязначная. Я б не сказаў нават, што ён быў нейкім пасярэднікам. Проста ён быў асобай з даволі высокім статусам, якую не шкада было выкарыстаць. Вядома, што першую скрыпку ва ўсёй гэтай камунікацыі расейскіх уладаў з Прыгожыным граў губэрнатар Тульскай вобласьці Расеі Аляксей Дзюмін.
— Адрозна ад Дзюміна, у Лукашэнкі была адна фармальная перавага: ён кіруе юрыдычна незалежнай тэрыторыяй, куды можна «сысьці».
— Гэта таксама. Але відавочна, што ніякай вырашальнай ролі ён не выконваў. Фактычна ён быў пастаўлены перад фактам. Наўрад ці ён казаў: «Давайце да мяне ў Беларусь!». Нават заявы Лукашэнкі паказваюць, што ён ня вельмі гэтаму рады. Хутчэй за ўсё, яму было сказана Крамлём: «Хлопцы ў цябе перакантуюцца пэўны час, калі будзе такая патрэба».
— Выглядае, што Лукашэнка тады атрымаў і скарыстаў свае «15 хвілін славы», а цяпер разграбае наступствы гэтага свайго ўдзелу. І актыўна спрабуе адкруціць назад, усяляк паказваючы, што вагнэраўцы яму тут у Беларусі асабліва не патрэбныя.
— Фактычна Лукашэнка ня ведаў, на што «падпісаўся», калі пагаджаўся прыняць вагнэраўцаў у Беларусі, ня ўзважыў пэўныя рызыкі. Тое, што наёмнікі будуць існаваць за свой уласны кошт — гэта нерэальна, гэта не адпавядае сутнасьці наёмнікаў, прыватных ваенных кампаніяў. За іх разьмяшчэньне нехта павінен заплаціць. А Лукашэнка прызвычаіўся да таго, што расейцы плацяць заўсёды яму. Але вагнэраўцы ня будуць плаціць Лукашэнку — гэта ня іхняя мадэль існаваньня.
І калі сёньня Лукашэнка сказаў, што Беларусь прапанавала вагнэраўцам некалькі пляцовак, а тыя адмовіліся — гэта сьведчыць, што яны ня тыя, хто падпарадкоўваецца Лукашэнку. Гэта структура, якая сама выбірае на тэрыторыі іншай дзяржавы, дзе і як яны будуць функцыянаваць. На гэта варта зьвярнуць асаблівую ўвагу: ня ён дыктуе ўмовы, а яму іх дыктуюць.
— Як могуць адрэагаваць на зьяўленьне ПВК Вагнэра ў Беларусі беларускія сілавікі? Здаецца, відавочна, што ім гэта ня надта спадабаецца. Яны звыклі быць гаспадарамі ў краіне, а тут зьяўляюцца ўзброеныя людзі, якія нікому не падпарадкоўваюцца.
— Вагнэраўцы — гэта сур’ёзны канкурэнт для беларускіх сілавікоў. Сілавікі прызвычаіліся панаваць на ўнутрыбеларускім полі, якое было падзеленае паміж рознымі структурамі — хто дзе зьбірае даніну. А тут у Беларусі зьяўляецца сіла, якая невядома каму падпарадкоўваецца (але вядома, што яна ня будзе падпарадкоўвацца ніякім беларускім сілавікам).
Можна па-рознаму ставіцца да таго, што адбылося ў Расеі — але тое самае можа адбыцца і ў Беларусі ў выпадку нейкага канфлікту. І зь імі дамовіцца будзе немагчыма, бо яны арганізаваныя, і — адрозна ад беларускіх сілавікоў — умеюць ваяваць і не баяцца гэта рабіць. Для іх расейскія сілавікі не былі аўтарытэтам падчас вайны, а тым больш беларускія паркетныя генэралы. Гэта ня той кантынгент, зь якім яны будуць размаўляць на роўных — а тым больш падпарадкоўвацца.
Беларускія сілавікі разумеюць, што гэта сур’ёзная рызыка, якая зьявілася ў краіне пад гарантыі Лукашэнкі.
— У выніку ўдзелу ў разьвязваньні бунту Прыгожына Лукашэнка зноў загучаў у расейскай інфармацыйнай прасторы. Ён любіць такія рэчы, жыве імі. Апошні раз гэта атрымалася выпадкова, выключна з прычыны незвычайнай сытуацыі, ці ён наўмысна праводзіць такую стратэгічную лінію? Ці мае ён жаданьне палітычна перажыць Пуціна?
— Перажыць Пуціна — гэта адна зь відавочных мэтаў Лукашэнкі. Перажыць фізычна, палітычна. Гэта дае яму больш варыянтаў для ўласнай палітычнай будучыні.
Я ня веру, што Лукашэнка мае нейкія істотныя шанцы на ўнутрырасейскім палітычным полі. Лукашэнка агучыў сваю вэрсію таго, што адбылося, дзе выступіў ледзь не адзіным абаронцам Расеі. У выніку Крэмль быў вымушаны яго абвяргаць. Але ў піяры той, хто першы зрабіў заяву, мае перавагу, лепшыя вынікі. Думаю, Лукашэнка будзе і надалей падтрымліваць пэўную цікавасьць да сваёй асобы.
— Сапраўды, расейская прапаганда вымушаная «карэктаваць» вэрсію Лукашэнкі наконт падзеяў з бунтам Прыгожына. Ці затоіць крыўду на Лукашэнку Пуцін за тое, як той прадставіў гэтую вэрсію? Ці для Крамля гэта стала звыклым за ўсе мінулыя гады?
— На маю думку, цяпер трошкі іншы выпадак. Бо ўсе ранейшыя канфлікты (нафтагазавыя, малочныя ды іншыя войны) ніколі не выстаўлялі Пуціна слабаком. Гэта быў канфлікт паміж моцнай Масквой, якая з пазыцыі старэйшага брата цісьне на малодшага нягеглага.
А ў сытуацыі з «Вагнэрам» Лукашэнка фактычна абразіў Пуціна і шмат каго з вышэйшага кіраўніцтва Расеі. Маўляў, усе пахаваліся, і толькі дзякуючы яму Расея была пазбаўлена ад смуты. У гэтым і ёсьць пэўная розьніца. Помста ад Пуціна будзе — але не адразу.