«Згодна з прагнозамі, чакаецца, што ў далейшым у нас будуць узрастаць максымумы тэмпэратур, паўтаральнасьць хваляў цяпла будзе вышэйшая, будзе павялічвацца колькасьць гарачых дзён. І ў сярэднім тэмпэратура летняга сэзона будзе ўзрастаць», — сказала Натальля Клявец, яе цытуе БелТА.
Паводле яе, у Менску за апошнія 10 гадоў колькасьць выпадкаў некамфортна сьпякотнага надвор’я павялічылася ўтрая. Усё часьцей тэмпэратура паветра дасягае 30-35 градусаў.
У цэлым у Беларусі павялічваецца паўтаральнасьць сьпякотных дзён з максымальнай тэмпэратурай паветра плюс 25 градусаў і вышэй, а таксама колькасьць дзён зь небясьпечнымі тэмпэратурамі ў 35 градусаў і вышэй. Рост тэмпэратуры паветра адзначаецца і ва ўсім эўрапейскім рэгіёне.
Цяперашняе беларускае лета, паводле прагнозаў Паўночна-Эўразійскага кліматычнага цэнтру, будзе цяплейшае за звычайнае, сярэдняя тэмпэратура перавысіць кліматычную норму. Сярэднегадавая тэмпэратура ў Беларусі — 7,2 градуса цяпла, для лета — плюс 18 градусаў; самае цёплае лета за пэрыяд з 1881 году прыпала на 2010 год, тады сярэдняя тэмпэратура паветра склала 20,6 градуса.
Да ўзьдзеяньня высокіх тэмпэратур найбольш чульлівыя людзі з сардэчна-сасудзістымі захворваньнямі, пажылыя, дзеці, цяжарныя жанчыны. Пагаршае сытуацыю тэндэнцыя да старэньня насельніцтва. Павялічваецца колькасьць людзей, якія знаходзяцца ў зоне ўзьдзеяньня кліматычных рызыкаў, зьвязаных з высокімі тэмпэратурамі паветра.