Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 2100 году ад пацяпленьня можа зьнікнуць да 83% ледавікоў Зямлі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пры цяперашніх тэмпах глябальнага пацяпленьня да 2100 году зьнікне 68% ледавікоў Зямлі, пры найгоршым сцэнары — 83%, пры найлепшым — крыху менш за палову.

Пра гэта гаворыцца ў новым дасьледаваньні гляцыёлягаў, апублікаваным у часопісе Science.

Навукоўцы вывучылі ўсе 215 000 ледавікоў Зямлі, за выключэньнем шчытоў Грэнляндыі і Антарктыды. Затым пры дапамозе кампутэрнага мадэляваньня яны разьлічылі, колькі ледавікоў зьнікне і наколькі гэта павысіць узровень сусьветнага акіяну пры розных тэмпах глябальнага пацяпленьня.

Высьветлілася, што пры прагназаваным зараз павышэньні тэмпэратуры на 2,7°C растане 48,5 трыльёна тон лёду, што адпавядае 68% усіх ледавікоў. Гэта павысіць узровень мора на 11,5 сантымэтра. Ён ужо павялічваецца з прычыны раставаньня ледзяных шчытоў і агульнага пацяпленьня вады.

Такое павышэньне ўзроўню мора прывядзе да таго, што больш за дзесяць мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце будуць жыць ніжэй лініі прыліву — гэта пагражае ім затапленьнямі.

Таксама маштабнае раставаньне ледавікоў азначае скарачэньне запасаў вады для значнай часткі насельніцтва плянэты, павелічэньне рызыкі паводак і страту гістарычных месцаў, цяпер пакрытых лёдам, — ад Аляскі да Альпаў.

Глябальнае пацяпленьне ў значнай ступені выклікана парніковымі газамі. Паводле даных Сусьветнай метэаралягічнай арганізацыі, у 2021 годзе канцэнтрацыя вуглякіслага газу, мэтану і закісу азоту дасягнула рэкордных узроўняў. Чакаецца, што па выніках 2022 году колькасьць гэтых газаў у атмасфэры вырасла яшчэ больш.

Таксама з прычыны глябальнага пацяпленьня да 2100 году на Зямлі можа зьнікнуць кожны дзясяты від жывёлаў і расьлінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG