Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЭФА мінімізаваў імавернасьць сустрэчы зборных Беларусі і Ўкраіны на футбольным чэмпіянаце Эўропы

абноўлена

Матч футбольнай зборнай Беларусі, архіўнае фота
Матч футбольнай зборнай Беларусі, архіўнае фота

Такое рашэньне прыняў выканкам Эўрапейскай фэдэрацыі футбольных асацыяцый.

У выпадку выхаду на Эўра-2024 зборныя Беларусі і Ўкраіны разьвядуць па розных баках сеткі, каб яны не сустрэліся ў адной групе.

Так вырашыў выканкам УЭФА на паседжаньні ў швайцарскім Ньёне. Такое рашэньне зьвязанае з саўдзелам Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Праз гэта зборная Беларусі вымушаная гуляць на нэўтральных стадыёнах у Сэрбіі і Вугоршчыне, а зборная Расеі наогул выключаная з усіх міжнародных спаборніцтваў пад эгідамі ФІФА і УЭФА.

Лёсаваньне фінальнай стадыі чэмпіянату Эўропы 2024 году пройдзе ў нямецкім Гамбургу 2 сьнежня. На турнір кваліфікуюцца 24 каманды. У выпадку выхаду на Эўра-2024 зборныя Беларусі і Ўкраіны змогуць сустрэцца толькі ў гульнях на вылет, так званым плэй-оф.

Аднак на гэты момант шанцы зборнай Беларусі кваліфікавацца на фінальны турнір выглядаюць кепскімі. Каманда правяла ў адборы ўжо 4 матчы з 10 і набрала толькі 3 пункты. Зборная пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева займае перадапошняе, 5-е месца ў групе, апярэджваючы толькі нацыянальную каманду Андоры.

Турнірныя пэрспэктывы пагаршаюцца яшчэ і адмовамі некаторых гульцоў выступаць у камандзе. Напрыклад, два самыя пасьпяховыя беларусы з тых, хто гуляе за мяжой, Ільля Шкурын і Яўген Шыкаўка, пэўна, з палітычных прычын адхіляюць выклікі ў зборную краіны. Частка гульцоў, якія маглі б дапамагчы зборнай, знаходзяцца ў «чорным сьпісе» Міністэрства спорту і турызму.

29 чэрвеня стала вядома, што Кандрацьеў пакідае зборную Беларусі. Адметна, што гэта адбылося пасьля перамогі над зборнай Косава — першай перамогі беларусаў у афіцыйных матчах за два гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG