Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ландсбергіс: Зьяўленьне ПВК «Вагнэр» у Беларусі паўплывае на сытуацыю зь бясьпекай Літвы


 Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

Калі найміты прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» разьмесьцяцца ў Беларусі, гэта стане выклікам для нацыянальнай бясьпекі Літвы, заявіў 28 чэрвеня міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Паводле слоў міністра, якія прыводзіць тэлерадыёкампанія LRT, пакуль няма дакладнай інфармацыі, што ПВК, якую ўзначальвае Яўген Прыгожын, «перабралася ў Беларусь», аднак выключаць такую імавернасьць нельга.

«Зьяўленьне аднаго чалавека — Прыгожына — у Беларусі не ўплывае на сытуацыю зь бясьпекай. На сытуацыю паўплывае зьяўленьне ягонай арміі, — лічыць кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства балтыйскай дзяржавы. — Ёсьць такая імавернасьць, што байцы „Вагнэра“ і база, дзе яны будуць трэніравацца, а магчыма, і рыхтавацца да апэрацый, зьявіцца побач зь Літвой, каля мяжы з NATO. Гэта адназначна зьмяніла б нашу сытуацыю зь бясьпекай».

У любым выпадку, зазначыў міністар, «небясьпеку для Літвы становіць сама нявызначанасьць сытуацыі ў Расеі».

«Я думаю, што самая вялікая небясьпека паходзіць ад таго, што Расея ясна паказала, што яна непрадказальная дзяржава, якая не кантралюе свае Ўзброеныя сілы. Найбольшая небясьпека пасьля гэтых выходных паходзіць ад фактару непрадказальнасьці», — падкрэсьліў кіраўнік літоўскага МЗС.

26 чэрвеня Дзяржаўная рада абароны Літвы заявіла пра неабходнасьць узмацніць бясьпеку ўсходніх межаў краіны і NATO. Прэзыдэнт Гітанас Наўседа ня выключыў замацаваньня вагнэраўцаў на тэрыторыі Беларусі. Удзельнікі пасяджэньня зьвярнулі ўвагу на рост «пагрозы незаконнай дзейнасьці на літоўска-беларускай мяжы, а таксама розных правакацый».

Дзяржаўная рада абароны даручыла структурам выведкі «аддаваць яшчэ больш увагі збору інфармацыі» ў Беларусі і Калінінградзкай вобласьці Расеі.

Наўседа заклікаў вярнуцца «да ўжо ўнесенай прапановы аб прымяненьні працэдуры індывідуалізаванай дадатковай праверкі» адносна грамадзян ня толькі РФ, але і Беларусі.

23 чэрвеня заснавальнік ПВК «Вагнэр» фактычна ініцыяваў працэс вайсковага перавароту ў РФ. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Лукашэнкам, яго ўдалося спыніць. Пуцін дазволіў Прыгожыну «сысьці ў Беларусь». Ягонае знаходжаньне ў Беларусі 27 чэрвеня пацьвердзіў Лукашэнка.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG