Прэзыдэнты Літвы і Польшчы Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда прыбылі зь візытам у Кіеў, дзе правядуць сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Ужо традыцыйна ва ўмовах вайны ўсе замежныя лідэры прыехалі ва Ўкраіну чыгункай з Польшчы.
Гітанас Наўседа паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter, што Літва набыла дзьве супрацьпаветраныя сыстэмы NASAMS, якія будуць перададзеныя Ўкраіне.
«Супрацьпаветраная абарона — ключавая ў барацьбе Ўкраіны з агрэсарам. Чакаем больш калектыўных рашэньняў аб падтрымцы Ўкраіны на саміце NATO ў Вільні. Разам да перамогі!» — заявіў прэзыдэнт Літвы.
На старонцы Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы паведамілі, што апроч двухбаковай сустрэчы Анджэя Дуды і Ўладзіміра Зяленскага адбудуцца перамовы ў рамках Люблінскага трохкутніка. Прэзыдэнты Ўкраіны, Польшчы і Літвы Ўладзімір Зяленскі, Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа абмяркуюць «палітыку бясьпекі, сытуацыю на фронце, сытуацыю ў Расеі і Беларусі і дыпляматычную дзейнасьць напярэдадні саміту NATO ў Вільні».
Фармат Люблінскага трохкутніка быў створаны ў 2020 годзе. У ліпені 2021-га міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба назваў Люблінскі трохкутнік «рэальнай альтэрнатывай на будучыню» для Беларусі. У студзені 2021 году сустрэча міністраў замежных спраў Украіны, Польшчы і Літвы праходзіла ў дыстанцыйным рэжыме пры ўдзеле Сьвятланы Ціханоўскай.
Пасьля прыезду лідэраў Польшчы і Літвы ў Кіеў стала вядома, што Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зварот да ўдзельнікаў саміту NATO ў Вільні, у якім пацьвердзілі эўраатлянтычныя памкненьні Ўкраіны і заклікалі Паўночнаатлянтычны альянс узяць на сябе абавязаньні па наданьні Ўкраіне паўнапраўнага сяброўства ў арганізацыі і прадугледзець мэханізм запрашэньня Ўкраіны ў NATO.
У літоўскай сталіцы Вільні 11–12 ліпеня адбудзецца саміт NATO. Прадугледжваецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абмяркуюць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі генэрал Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.
Апроч таго, на саміце ў Вільні можа быць ухвалена рашэньне ў сувязі з плянамі Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Цяпер да тэмы перамяшчэньня ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь дадалася імавернасьць пераезду на беларускую тэрыторыю вайскоўцаў-наймітаў групы «Вагнэр» пасьля іхнага мяцяжу ў Расеі.