Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў штрафам хулігана, які разьбіў шыбы ў магілёўскім касьцёле. Але плаціць ён ня будзе


Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава ў Магілёве. Архіўнае фота
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава ў Магілёве. Архіўнае фота

Храм лічыцца адной з найбольш гістарычна важных каталіцкіх сьвятыняў Беларусі.

Мужчына сёлета ў студзені разьбіў шыбы ў магілёўскім катэдральным касьцёле Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава. У красавіку суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў яго вінаватым паводле артыкула аб хуліганстве і прызначыў штраф. Але плаціць не давядзецца, мяркуючы па выраку, апублікаваным у банку судовых рашэньняў.

Згодна з матэрыяламі справы, увечары 19 студзеня мужчына быў пʼяны і знаходзіўся каля касьцёла. Ён наўмысна і без прычыны кінуў ня менш за пяць разоў камяні і плітку ў пяць вокнаў. Такое парушэньне грамадзкага парадку, паводле пастановы суду, «выявілася ў відавочным для яго самога і для навакольных дэманстратыўным грэбаваньні агульнапрынятай культурай паводзін людзей, у агрэсіўным супрацьпастаўленьні сваёй асобы інтарэсам грамадзтва, навакольным і нормам маральнасьці, якія вызначаюць добрапрыстойныя паводзіны».

Чалавек разьбіў шэсьць шыбаў і тры шклопакеты, пашкодзіў пяць аконных рамаў, чым нанёс маёмасную шкоду на суму 496,49 рубля. Вінаватым на судзе ён сябе прызнаў, шкоду кампэнсаваў і раскаяўся. Праз тыдзень пасьля хуліганства ён пацьвердзіў свае паказаньні на месцы — «прадэманстраваў, якім чынам ім былі пашкоджаныя аконныя рамы касьцёла».

Паводле заключэньня экспэрта, падчас злачынства мужчына пакутаваў на два псыхічныя расстройствы. Але ён мог усьведамляць фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў. На момант суду абвінавачаны пакутаваў толькі ад аднаго захворваньня. Ён быў ня здольны самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы ў крымінальным працэсе, але быў прызнаны судом разумным. Ні на алькагалізм, ні наркаманію ён ня хворы, па месцы жыхарства характарызуецца адмоўна, раней не судзімы.

Згодна з часткай 1 артыкула 339 (Хуліганства) КК Беларусі, суд пакараў яго штрафам у 3700 рублёў. Але, улічваючы ягонае ўтрыманьне пад вартай, было вырашана яго «цалкам вызваліць ад адбываньня прызначанага пакараньня ў выглядзе штрафу». Асуджанага адпусьцілі ў зале суду.

Пашкоджаньні касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава атрымаў у ноч на 20 студзеня. Гэты храм, пабудаваны ў XVIII стагодзьдзі, помнік архітэктуры ў стылі барока, лічыцца адной з найбольш гістарычна важных каталіцкіх сьвятыняў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG