Актывістка зь Верхнядзьвінску спрабавала абскардзіць пастанову, вынесеную 19 чэрвеня судзьдзёй Наваполацкага суду Зінаідай Балаболавай: тая прысудзіла Валянціне Болбат 30 дзён арышту за парушэньне ч 2. арт. 19.11 КаАП і ч. 3 арт. 24.23 КаАП.
Абласны суд скаргу не падтрымаў і пакінуў рашэньне суду першай інстанцыі бязь зьменаў, піша «Вясна».
Гэта ўжо ня першы арышт, прысуджаны вядомай актывістцы зь Верхнядзвінску. Умовы, у якіх яе ўтрымлівалі за кратамі, істотна пахіснулі здароўе Валянціны.
Яна перанесла гіпэртанічны крыз, мае праблемы з сэрцам, і з тае прычыны некалькі разоў трапляла ў шпіталь пасьля знаходжаньня ў Наваполацкім ЦІПе. Апрача гэтага, жанчына мае запазычанасьці па прысуджаных раней адміністрацыйных штрафах. Усяго Болбат сёлета судзілі паводле арт.19.11 і 24.23 КаАП шэсьць разоў.