Расейскія войскі перакінулі начыненае выбухоўкай абсталяваньне на чатыры энэргаблёкі Запароскай АЭС, — заявіў начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў у інтэрвію брытанскаму выданьню New Statesman.
Паводле Буданава, Расія «завяршыла падрыхтоўку да атакі на Запароскую АЭС». Буданаў папярэдзіў, што «басэйн-ахаладжальнік заводу замінаваны расейскімі войскамі».
Ён растлумачыў, што без астуджэньня ядзерныя рэактары «могуць расплавіцца ад дзесяці гадзін да 14 дзён». Буданаў лічыць, што «Расея зможа павысіць напружаньне ў ЛЭП да станцыі, што прывядзе да ядзернай аварыі ў ніжняй частцы гэтага пэрыяду часу».
Таксама ўкраінскай вайсковай выведцы ўдалося ўстанавіць, што «расейскія вайскоўцы перакінулі зараджанае выбухоўкай абсталяваньне на чатыры з шасьці энэргаблёкаў». Невядома, ці мела доступ да гэтых блёкаў Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) падчас свайго візыту 15 чэрвеня.
Буданаў выказаў упэўненасьць, што расейскі плян падрыву Запароскай АЭС «распрацаваны і зацьверджаны».
Кіраўнік украінскай выведкі растлумачыў, што ў расейцаў ёсьць дзьве магчымасьці ўзарваць АЭС:
- «Першая — падарваць электрастанцыю, калі расейскія войскі будуць выбітыя з левага берага Дняпра. Тады Расея створыць зону зьнішчэньня і адчужэньня, каб не дапусьціць прасоўваньня ўкраінскіх войскаў».
- «Другая магчымасьць — гэта тое, што Расея будзе выкарыстоўваць ядзерную катастрофу ў якасьці „прафіляктычнай меры“. Мэтай у дадзеным выпадку будзе спроба спыніць наступ Узброеных Сіл да яго пачатку і замарозіць лінію судакрананьня ў тым выглядзе, у якім яна ёсьць».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 22 чэрвеня заявіў, што Расея разглядае сцэнар тэракту на Запароскай АЭС, найбуйнейшай у Эўропе атамнай электрастанцыі, і Кіеў перадаў гэтыя дадзеныя краінам-партнэрам. У Крамлі традыцыйна адпрэчылі абвінавачваньні і назвалі гэтую заяву «чарговай хлусьнёй».
21 чэрвеня Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі заявіла, што яго афіцыйныя асобы не заўважылі ніякіх мін у вадаёме-ахаладжальніку, аднак прызнала, што расейскія войскі замініравалі раёны вакол Запароскай АЭС.
Расейскія войскі занялі горад Энэргадар і разьмешчаную побач Запароскую АЭС у канцы лютага 2022 году.