Сьцісла:
- Мінулы год быў у эканамічным пляне для Беларусі правальным, аднак адстаўкай ураду ніхто не пагражаў.
- Ідзе размова пра адстаўку не ўраду цалкам, а толькі прэм’ера і першага віцэ-прэм’ера.
- Высьвятляецца, што ў Лукашэнкі ёсьць да Галоўчанкі і Снапкова пэрсанальныя прэтэнзіі.
- Галоўная прычына — ці то кампрамат, ці сумнеў у ляяльнасьці.
Прэм’ер Галоўчанка падчас нарады расказаў пра вынікі працы эканомікі краіны за пяць месяцаў, пахваліўся, што выйшлі на мэтавую траекторыю росту. Лукашэнка яго перапыніў і адзначыў, што, паводле пляну, за паўгода рост павінен скласьці 2%, а атрымліваецца толькі 1%. Прэм’ер запярэчыў:
«Але ў „чыстым“ траўні (травень да траўня) — 7%. Таму я думаю, што калі ня цалкам, то прынамсі на лічбу, блізкую да пляну на паўгодзьдзе, мы выйдзем. Махавік эканомікі цяпер раскручваецца».
І вось тут з вуснаў Лукашэнкі прагучала тое, дзеля чаго, магчыма, і зьбіралася гэтая нарада:
«Раман Аляксандравіч, давайце публічна дамовімся так. Каб вы ня крыўдзіліся... Ня выканаеце ў гэтым годзе паказчыкі, якія мы давялі, вы ўсе роўна (першымі вы і першы віцэ-прэмʼер) ідзяце ў адстаўку. Вось, каб журналісты бачылі, людзі разумелі».
Усё гэта выглядае даволі дзіўным, і вось чаму. Мінулы 2022 год быў у эканамічным пляне для Беларусі правальным. Згодна з афіцыйным прагнозам, чакаўся рост валавога ўнутранага прадукту на 2,9%. Насамрэч ён зьнізіўся на 4,7 працэнта. Разрыў паміж плянам і рэальнасьцю аказаўся ў 8 працэнтных пунктаў. Правал грандыёзны.
Але ніякіх асаблівых прэтэнзій да ўраду з гэтай нагоды не было. Тым больш тады Лукашэнка не пагражаў прэм’еру адстаўкай.
Цяпер гаспадарка пайшла ў рост, эканамічныя паказьнікі блізкія да пляну. І гаворка ідзе нават не пра гадавыя вынікі, а прамежкавыя (пяць месяцаў). І, тым ня менш, прэм’еру пагражаюць адстаўкай. Дзе лёгіка?
Прычым размова ідзе пра адстаўку не ўраду цалкам, а толькі прэм’ера і першага віцэ-прэм’ера. У чым тут справа?
Неўзабаве высьветлілася, што, аказваецца, справа тут, хутчэй за ўсё, не ў эканоміцы, не ў лічбах росту валавога прадукту, а ў іншым. Лукашэнка сам трохі патлумачыў гэта, хоць і даволі цьмяна. На той жа нарадзе прагучала загадкавая фраза:
«Я маю адваротную інфармацыю па сваіх нарадах. Разумныя людзі, зь якімі я маю зносіны, дасьведчаныя людзі, кажуць: «А чаго вы душу, сэрца сваё рвяце? Па тэлевізары бачым некаторых службоўцаў — ды ім пофіг гэта ўсё».
Што за «свае нарады» з «дасьведчанымі людзьмі»? У якіх службах яны працуюць, якое ў іх званьне, можна толькі здагадвацца. Вядома, што ў Беларусі самыя «дасьведчаныя людзі» — гэта людзі з пагонамі на плячах.
Але з гэтай заявы вынікае намёк, што ў Аляксандра Лукашэнкі ёсьць да Рамана Галоўчанкі і Мікалая Снапкова пэрсанальныя прэтэнзіі. Ці то кампрамат, ці то сумнеў у ляяльнасьці. Сёньня ў Беларусі гэта амаль адно і тое ж.
Дарэчы, у сувязі з гэтым згадваецца істотная папраўка (магчыма, зусім не выпадковая), унесеная летась на ініцыятыву Лукашэнкі ў Канстытуцыю. У папярэднім варыянце прадугледжвалася, што ў выпадку, калі пасада прэзыдэнта застаецца вакантнай, то яе займае прэм’ер-міністар. Цяпер у новай Канстытуцыі запісана, што ў такім выпадку прэзыдэнцкія функцыі пераходзяць да старшыні Савету Рэспублікі. Бо давер да Натальлі Качанавай, якая займае гэтую пасаду, большы.
У цяперашняй Беларусі палітычная ляяльнасьць першасная, а эканоміка — справа другасная.