У судзе Савецкага раёну Менску спэцыялістку ў падборы пэрсаналу адной са сталічных кампаній Вераніку Сідарэнку абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Якунчыхін.
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Вераніка брала ўдзел у масавай акцыі пратэсту ўвосень 2020 году ў Менску. Дзяўчыну, якая трымала ў руках плякат бел-чырвона-белага колеру з надпісамі, ідэнтыфікавалі па фота на адным з сайтаў.
За гэта яе пакаралі 2 гадамі і 6 месяцамі абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Затрыманьні на мяжы працягваюцца
Праваабаронцам «Вясны» распавялі, што сёньня ноччу па вяртаньні з Польшчы ў Беларусь пасьля праверкі тэлефонаў затрымалі некалькі чалавек. Іх зьнялі з аўтобуса — далейшыя іх лёсы невядомыя.
Таксама праваабаронцам стала вядома, што 20 чэрвеня на памежным пункце «Катлоўка» на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі жанчыну — яе зьнялі з рэйсавага аўтобуса, далейшы лёс невядомы.
Мэдыка асудзілі на 5 гадоў калёніі за ўдзел у масавых беспарадках
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні вынесьлі прысуд па крымінальнай справе супраць 24-гадовага мэдыка, палітзьняволенага Артура Хлуса, абвінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК), піша «Вясна».
Справу першапачаткова разглядаў судзьдзя Дзьмітры Кедаль. Потым, пасьля працяглага перапынку, прызначылі іншую судзьдзю — Маргарыту Ланцэвіч.
Артур да свайго затрыманьня працаваў фэльчарам горадзенскай брыгады хуткай дапамогі і быў студэнтам Горадзенскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Хлопец вучыўся ў Слонімскім мэдычным каледжы, скончыў яго з чырвоным дыплёмам і быў разьмеркаваны ў Горадню.
5 гадоў калёніі жыхару Ліды за данаты ў фонд падтрымкі рэпрэсаваных
21 чэрвеня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала жыхара Ліды Віталя Чарнавусава палітычным вязьнем. Доўгі час праваабаронцы ня мелі інфармацыі аб падрабязнасьцях крымінальнай справы Віталя.
32-гадовага Віталя Чарнавусава затрымалі летась 25 ліпеня. Яму выставілі абвінавачаньне ў «фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу). 8 сьнежня Менскі гарадзкі суд асудзіў яго за данаты ў адзін з фондаў, які падтрымлівае ахвяраў палітычна матываваных рэпрэсій.
Судзьдзя Вера Галаўкова пакарала мужчыну 5 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Апрача гэтага, яму прысудзілі штраф у памеры 15 000 рублёў.
31 сакавіка Чарнавусава ўнесьлі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці.
Затрымалі праграмістку кампаніі XB Software за адміністраваньне дваровага чату
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал «Кніга ГУ „БАЗА“» апублікаваў відэа з затрыманай праграмісткай кампаніі XB Software, паведамляе «Медиазона».
У відэа дзяўчына кажа, што была адміністратаркай дваровага чата скрыжаваньня вуліцы Пляханава і праспэкта Ракасоўскага. Затрыманая дадае, што дома захоўвала пратэставую сымболіку і некалькі разоў хадзіла на жаночыя «ланцугі салідарнасьці».
Суд Ленінскага раёну Менску ў сакавіку прызнаў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал «Квартал Пляханава — Ракасоўскага (Серабранка-5)».
Супрацоўніка Добрускай папяровай фабрыкі асудзілі па «народным» артыкуле
У судзе Добрускага раёну асудзілі Галымжана Бакірава паводле «народнага» артыкула 342 (ч.1) Крымінальнага кодэксу Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Судзьдзя Сьвятлана Лук’янава прызначыла Галымжану 1 год і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Пасяджэньне мела выязны характар і праходзіла ў памяшканьні камунальнага ўнітарнага прадпрыемства Добруша.
Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён у адным з тэлеграм-чатаў пакідаў паведамленьні з заклікамі ўдзельнічаць у пратэставых акцыях, а таксама дасылаў у чат «розныя навіны і інфармацыю дэструктыўнай накіраванасьці».
На судзе ён паведаміў, што сам двойчы ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.
У Менску затрымалі пілёта Дзьмітрыя Маткоўскага
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманьне ў Менску пілёта Дзьмітрыя Маткоўскага, паведамляе «Вясна». Падрабязнасьці затрыманьня высьвятляюцца.
Дзьмітры Маткоўскі — вядомы пілёт са стажам працы больш як 14 гадоў. Пра яго ня раз пісалі беларускія СМІ, а напрыканцы 2022 году Дзьмітры стаў героем вялікай праграмы «Беларусы» на «Беларусь-24».
У Мастах мужчыну затрымалі за камэнтары
На «пакаяльным відэа» сілавікоў Іван Падліпенцаў кажа, што яго затрымалі за «нядобразычлівыя камэнтары ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі ў Youtube і Telegram». Па вэрсіі сілавікоў, ён таксама прайшоў рэгістрацыю ў пляне «Перамога».
Як піша @Grodno_grab, затрымалі яго ў адных майтках.