МУС Беларусі паведамляе, што 26-гадовы мужчына (ягонае грамадзянства не ўдакладняецца) сарваў тры дзяржаўныя чырвона-зялёныя сьцягі, адзін зь якіх ён падпаліў. Вядома, што іншаземец прыехаў у Беларусь летась у сьнежні.
Супраць затрыманага завялі крымінальную справу за зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Верхнядзвінскую актывістку Болбат зноў арыштавалі на 30 дзён
Валянціну Болбат затрымалі 30 красавіка, але пасьля гэтага жанчыне стала блага, таму яна на некаторы час трапіла ў шпіталь. Першы суд над ёю прайшоў 10 траўня ў судзе Верхнядзвінскага раёну. Валянціне тады прызначылі 30 дзён арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне).
Паводле «Віцебскай Вясны», пасьля суду з жанчынай здарыўся гіпэртанічны крыз, і яе адвезьлі ў лякарню, дзе яна лячылася два тыдні. Валянціна абскардзіла вырак у Віцебскім абласным судзе. 22 траўня судзьдзя Сьвятлана Іванова адмяніла рашэньне суду Верхнядзвінскага раёну. Справу перадалі ўжо ў Наваполацкі суд.
21 чэрвеня адбыўся чарговы суд над актывісткай. Судзьдзя Зінаіда Балаболава прызначыла жанчыне зноў 30 дзён арышту. Валянціна пакуль на волі і плянуе абскардзіць пастанову суду.