Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прайшла каля 20 гутарак»: Як беларускія ІТ-спэцыялісты трапляюць пад скарачэньні і шукаюць новай працы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як цяпер працуе ІТ-сфэра ў Беларусі і за мяжой, чаму ІТ-спэцыялістам даводзіцца падоўгу шукаць працы і ці ёсьць скарачэньні ў буйных кампаніях, разьбіраемся.

11 красавіка Аляксандар Лукашэнка зноў выказаўся пра рэформы ў ІТ-сфэры. Нібыта «час патрабуе крэатыўных і нестандартных рэформаў». Тым часам такія буйныя кампаніі, як Google, апошнія паўгода скарачаюць тысячы супрацоўнікаў у мэтах аптымізацыі. Пагаварылі з ІТ-спэцыялістамі, як цяпер працуе сфэра ў Беларусі і за мяжой.

«Звольнілася сама і знайшла працу за мяжой»

Аліна (імя зьмененае па просьбе гераіні) яшчэ год таму працавала ў Менску ў буйной ІТ-кампаніі, якая працуе на аўтсорс. Гэта значыць, мае замовы ад іншых кампаній, а не займаецца вырабам уласнага прадукту. З восені ў Аліны не было праектаў, і спэцыялістка была ў рэжыме чаканьня, «на лаве запасных», што часта практыкуецца ў ІТ-кампаніях.

«Я працавала бізнэс-аналітыкам, адзін праект скончыўся, у іншым праекце працаваць сталі са спэцыялістамі зь Індыі. У самой кампаніі, як і ў іншых аўтсорсных кампаніях, цяжка было знайсьці новыя праекты. Нейкі час мне яшчэ плацілі поўны заробак. Кампаніі гэта нявыгадна, таму зь нейкага моманту сталі плаціць палову акладу. Я плянавала пераехаць, і нават у пэўны момант кампанія зьбіралася перавозіць супрацоўнікаў, але новых праектаў далей не было. Пасьля Новага году я сышла. Зразумела, што далей нешта трэба рабіць самой, у Беларусі нешта новае шукаць нават не спрабавала», — кажа спэцыялістка.

Аліна пераехала ў Польшчу і там пачала шукаць новай працы. На гэта спатрэбілася каля 5 месяцаў, бо працэс уладкаваньня ў Эўропе даўжэйшы.

«Я шукала працы і ў ІТ, і ў іншай сфэры, дзе працавала раней. Адшукала сумежную галіну, такі мікс з ІТ і з майго мінулага досьведу. Прайшла каля 20 гутарак, гэта былі і беларускія кампаніі, і замежныя. За 5 месяцаў пошуку атрымала першую прапанову і прыняла яе. У эўрапейскіх кампаніях доўгая працэдура найманьня, асабліва ў буйных кампаніях. Афіцыйная вакансія зьяўляецца, і кампанія месяц можа зьбіраць дадзеныя пра кандыдатаў і не кантактаваць зь імі», — апісвае працэдуру спэцыялістка.

Па яе словах, фінансавая сытуацыя з новай працай стала лепшай, чым была ў Менску. Такая зьмена працы не зусім тыповая для ІТ-спэцыялістаў, якія працавалі ў Беларусі. Звычайна яны проста пераяжджаюць разам з кампаніяй працаваць у іншую краіну.

«Пра скарачэньне даведалася праз 3 месяцы чаканьня»

Яшчэ адну супрацоўніцу буйной ІТ-кампаніі скарацілі з пазыцыі тэставальніка пасьля 3 месяцаў «на лаве чаканьня». Чаканьне было выкліканае адсутнасьцю праектаў, што цяпер здараецца ў буйных аўтсорсных кампаніях.

«Пра сваё скарачэньне я даведалася праз 3 месяцы на бэнчы (лаве чаканьня). Быў званок з мэнэджарамі і эйчарамі (спэцыялістамі па пэрсанале. — РС), якія паведамілі навіну і ўмовы скарачэньня. Патлумачылі тым, што замоўцы эканомяць і скарачаюць бягучыя праекты, не імкнуцца пачынаць новыя, таму пазыцый практычна не зьяўляецца. А калі і зьяўляюцца, то канкурэнцыя на месца вельмі вялікая. Гэта значыць, людзей без праектаў усё больш, а месцаў на іх зьяўляецца ўсё менш. І, на жаль, тэндэнцыя не паляпшаецца. Плюс Літва з пункту гледжаньня цаны спэцыяліста нашмат даражэйшая за ўмоўныя Грузію, Армэнію і іншыя ў тым рэгіёне. Кліенты ўсё часьцей аддаюць перавагу спэцыялістам адтуль, калі ёсьць выбар», — тлумачыць суразмоўца.

Яна мяркуе, што крызіс у ІТ закрануў найперш «буйныя аўтсорсныя кампаніі».

А што цяпер з ІТ у Беларусі?

Свабода паразмаўляла зь некалькімі супрацоўнікамі ІТ-сфэры, якія ўсё яшчэ працуюць зь Беларусі. Некаторыя кампаніі «перасталі наймаць спэцыялістаў», але пачалі актыўна наймаць «новы пэрсанал у Эўропе».

У аднаго з суразмоўцаў рэлякавалася каля 40% супрацоўнікаў, іншыя — пакуль у Беларусі. Яшчэ ў некалькіх кампаніях пэрсанал сталі больш актыўна адпраўляць на сэртыфікацыю, то бок пацьверджаньне ці павышэньне катэгорыі.

Таксама шмат якія кампаніі «замарозілі рост заробкаў». Старым супрацоўнікам «радзей прапануюць рэлякацыю», а вось пры прыёме на працу новых супрацоўнікаў найперш пытаюцца пра магчымасьць рэлякацыі.

Летась экспарт Парку высокіх тэхналёгій прасеў на 22% у параўнаньні з 2021 годам, або на 700 мільёнаў даляраў — да 2,5 мільярда даляраў.

11 красавіка Лукашэнка заявіў, што «Парк высокіх тэхналёгій хочуць задушыць эканамічна», чым фактычна прызнаў праблемы ў галіне ІТ-сфэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG