Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 чэрвеня: экс-міліцыянта асудзілі за паклёп на Лукашэнку; берасьцейца судзяць за «2000 экстрэмісцкіх допісаў»


Менскі абласны суд. Архіўнае фота
Менскі абласны суд. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Менску пачынаюць судзіць жыхара Берасьця «за 2000 экстрэмісцкіх паведамленьняў»

У Менскім абласным судзе ў закрытым рэжыме 20 чэрвеня пачаўся разгляд справы жыхара Берасьця Андрэя Цалюка, якога абвінавачваюць паводле 8 крымінальных артыкулаў. Працэс узначальвае судзьдзя Анжаліка Данілава.

Раней у праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што Андрэя затрымалі за распаўсюд асабістых дадзеных супрацоўнікаў міліцыі, судзьдзяў і заклікі да гвалтоўных дзеяньняў.

Таксама ён нібыта «пакінуў больш як 2 тысячы экстрэмісцкіх паведамленьняў, з якіх сама меней 100 запісаў зьмяшчаюць у сабе прыкметы парушэньняў заканадаўства».

Былога супрацоўніка міліцыі асудзілі на 3 гады «хіміі» за «паклёп» на Лукашэнку

У судзе Лідзкага раёну вынесьлі вырак 53-гадоваму Юрыю Царэвічу, абвінавачанаму ў паклёпе ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 367 КК. Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Мішуроў.

Па матэрыялах абвінавачаньня, Царэвіч «на асабістай старонцы ў „Аднаклясьніках“, выказваючы нэгатыўнае стаўленьне да перадвыбарнай кампаніі і да вынікаў выбараў прэзыдэнта, разьмясьціў рэпост, якія зьмяшчае інфармацыю з паклёпам на Лукашэнку, спалучаным з абвінавачаньнем у зьдзяйсьненьні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў».

Юры да пэнсіі працаваў у Лідзкім аддзеле аховы супрацоўнікам міліцыі. Аднак мусіў звольніцца пасьля таго, як зьявілася інфармацыя аб пачатку над ім сьледзтва.

У Магілёве сілавікі затрымалі дырэктара прыватнага прадпрыемства за здыманьне расейскай вайсковай тэхнікі

У Магілёве сілавікі затрымалі 53-гадовага дырэктара прыватнага вытворчага прадпрыемства за садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці (частка 1 артыкулу 361-4 КК), піша прэс-служба Сьледчага камітэту.

Летась у пачатку красавіка, як паведамляе СК, затрыманы здымаў на тэлефон перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі па праспэкце Дзьмітрава ў Магілёве. Затым даў гэты відэазапіс зь месцазнаходжаньнем «экстрэмісцкаму» фармаваньню, назву якога ў СК не паведамілі.

Сьледчы камітэт піша, што ў затрыманага знайшлі шматлікія падпіскі на тэлеграм-каналы і інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі».

«Падчас ператрусу па месцы жыхарства і ў транспартным сродку ў яго выявілі ўкраінскую атрыбутыку нацыяналістычных батальёнаў, а таксама іншых радыкальных вайсковых фармаваньняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Ўкраіны», — паведамляе СК.

СК адзначае, што мужчына раней не судзімы, яго зьмясьцілі пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG