Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 чэрвеня: затрымалі ўладальніцу аграсядзібы «Стулы», актывіста незалежнага прафсаюзу ў Горадні адправілі ў калёнію


Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Палітвязьня асудзілі ў «фаніпальскай справе» на 2,5 года «хатняй хіміі»

8 чэрвеня ў судзе Дзяржынскага раёну 24-гадоваму палітвязьню Максіму Самбросу прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Удзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Максіма затрымалі 24 студзеня падчас рэйду сілавікоў у Фаніпалі. Яго зьмясьцілі ў жодзінскую турму, дзе да суду ўтрымлівалі чатыры з паловай месяцы.

1 лютага 2021 году Максіма ўжо судзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу за абразу начальніка Дзяржынскага РАУС. Тады яму прызначылі 1 год і 3 месяцы «хатняй хіміі».

Абодва прысуды Максіму вынес судзьдзя Дзяржынскага раёну Раман Крыловіч.

Сілавікі затрымалі ўладальніцу аграсядзібы «Стулы»

Сілавікі затрымалі ўладальніцу аграсядзібы «Стулы» Ларысу Быцко, расказала «Медиазоне» крыніца, знаёмая з сытуацыяй. Сёньня заканчваюцца 72 гадзіны з моманту затрыманьня, але ў раскладзе судовых пасяджэньняў няма суду над Быцко.

У нядзелю праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў пра затрыманьні ў аграсядзібе. Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, як мінімум пяцёра затрыманых знаходзіліся ў Пружанскім РАУС у чаканьні суду па «экстрэмісцкім» артыкуле КаАП.

У Глыбокім жонцы палітвязьня зноў далі гіганцкі штраф

30 траўня судзьдзя Глыбоцкага суду Аляксандар Аляксеенка аштрафаваў Алену Шарабайку на 2590 беларускіх рублёў (70 базавых велічыняў) паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне), піша «Віцебская вясна».

Судзілі жанчыну за тое, што ў сеціве сілавікі знайшлі яе фота разам з мужам ля іх дома, на рагу якога вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. А лайкнуў гэтае фота яшчэ ў 2017 годзе яе муж Аляксандар, які сядзіць у віцебскім СІЗА.

Перад гэтым у доме Алены сілавікі правялі ператрус. Ён быў зьвязаны з тым, што каля возера Кагальнага ў цэнтры Глыбокага быў знойдзены бел-чырвона-белы сьцяг.

Як адзначае «Віцебская вясна», сёлета гэта ўжо другі вялікі штраф жанчыне — і ён для яе непад’ёмная сума, улічваючы тое, што матэрыяльнае становішча ў сям’і цяпер вельмі складанае.

Актывісту незалежнага прафсаюзу на «Гродна Азоце» прысудзілі 4 гады калёніі

У Горадзенскім абласным судзе вынесьлі прысуд актывісту прафсаюзнай арганізацыі БНП на ААТ «Гродна Азот» Максіму Сеніку.

Палітвязьня абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 арт. 361-4 КК і ч. 1 арт. 361-2 КК). Судовы працэс вёў судзьдзя Мікалай Рачынскі, піша «Вясна».

Як паведамлялі праўладныя тэлеграм-каналы, Максім Сенік «прытрымліваўся апазыцыйных поглядаў і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе», быў сябрам незалежнага прафсаюзу ААТ «Гродна Азот» і перадаваў лідару страйкаму «Гродна Азот» Юрыю Рававому «інфармацыю, якую той разьмяшчаў у замежных мэдыя». Таксама ён нібыта абражаў у тэлеграм-каналах Лукашэнку, работнікаў органаў улады, міліцыянтаў і перадаваў пры гэтым інфармацыю тэлеканалу «Белсат».

Ужо каля дзясятка прафсаюзных актывістаў асуджана па крымінальных артыкулах.

Жыхара Салігорску затрымалі за «публічную дэманстрацыю экстрэмісцкай сымболікі»

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з жыхаром Салігорску, які на сваёй машыне разьмясьціў налепку з гербам «Пагоня».

Як паведамляе «Вясна» з спасылкай на праўладны тэлеграм-канал, сілавікі таксама паказалі фатаздымкі таго, што затрыманы нібыта захоўваў дома — сярод іншага, гэта сьцягі Канады і Польшчы.

Санітарку Глыбоцкай цэнтральнай раённай лякарні Натальлю Міцько 29 траўня арыштавалі на 12 дзён за герб «Пагоня» ў сацсетках.

8 чэрвеня пробашча парафіі ў Ідолце (Мёрскі раён Віцебскай вобласьці) Вячаслава Адамовіча арыштавалі на 7 дзён за герб «Пагоня» і «экстрэмісцкія» падпіскі, піша «Хрысьціянская візія». У яго ў стужцы профілю знайшлі выяву бел-чырвона-белага сьцяга з гербам «Пагоня».

«Пагоня» — герб Вялікага Княства Літоўскага, БНР і Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 гадах.

Затрымалі мэдсястру Людмілу Паўлоўскую

У Менску 13 чэрвеня затрымалі каталіцкую верніцу, мэдсястру Людмілу Паўлоўскую, паведамляе «Хрысціянская візія». Прычына затрыманьня невядомая.

Падчас пратэстаў 2020 году яна агулам адседзела 40 сутак. Людміла Паўлоўская хворая на эпілепсію. Падчас аднаго з папярэдніх затрыманьняў у Людмілы здарыўся прыступ, але міліцыянты ня выклікалі ёй «хуткай», а судзьдзя Вікторыя Крэпская прысудзіла Людміле 25 дзён арышту.

У Круглым зноў затрымалі Аліну Гораву, якой прысудзілі 1 год «хатняй хіміі»


Горавай ставяць у віну яшчэ адзін эпізод удзелу ў мірнай акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Вядома, што Аліну павезьлі ў мясцовы аддзел Сьледчага камітэту і адтуль яна ўжо ня выйшла, паведамляюць праваабаронцы.

Гэта ўжо другі выпадак крымінальнага перасьледу 21-гадовай дзяўчыны. Першы раз яе затрымалі ў канцы сакавіка 2023 году паводле ўсё таго ж арт. 342 КК, пасьля чаго яна некалькі месяцаў правяла ў СІЗА.

У зьняволеньні ў Горавай абвастрыўся шэраг хранічных захворваньняў. Увечары 30 сакавіка Аліне стала дрэнна, таму ёй выклікалі хуткую дапамагу. Сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, а ў магілёўскай турме ў мэдычнай дапамозе ёй адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG