У канцы траўня лідэр «Маладога фронту», беларускі добраахвотнік з батальёну «Волат» Дзяніс Урбановіч быў чарговы раз паранены ў баі за Бахмут.
Гэта адбылося літаральна за некалькі дзён да таго, як украінскія вайскоўцы пакінулі Бахмут. У тым жа баі загінулі камандзір і баявы сябар Урбановіча, колішні стваральнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі. А таксама яшчэ чатыры беларускія ваяры з групы Ўрбановіча. Паводле Дзяніса, ён таксама быў на валасок ад сьмерці. Выратавалі яго ваяры, якіх прывёў у полк акурат Лазоўскі. Пра некаторыя абставіны таго і іншых баёў за Бахмут Дзяніс Урбановіч расказаў у размове са Свабодай.
«Толькі цяпер вярнуўся ў разьмяшчэньне часткі. Спачатку быў на лячэньні, потым у адпачынку. Адправілі ў карпацкія горы ледзь ня сілай, каб падлячыўся пасьля раненьня, а галоўнае, вярнуў псыхалягічную ўстойлівасьць. Бо сам выжыў, але страціў блізкіх сяброў, зь якімі выходзіў на заданьні, зь якімі столькі разоў рызыкаваў, дапамагалі адзін аднаму. Маральна было вельмі цяжка, проста не хацелася жыць. Толькі цяпер вось адпускае», — падзяліўся Дзяніс Урбановіч.
«Расейцы ішлі ў атаку бяз „бронікаў“»
Баі за Бахмут перад захопам гораду Ўрбановіч назваў «самымі жорсткімі і крывавымі, у якіх давялося браць удзел». Паводле беларуса, абодва варагуючыя бакі паказалі ў гэтых баях стойкасьць і волю да перамогі. Ці ваявалі з расейскага боку менавіта вагнэраўцы, Урбановіч сьцьвярджаць не бярэцца. Кажа, што па форме загінулых расейцаў, целы якіх засталіся ляжаць перад пазыцыямі, вызначыць, да якой часткі яны належалі, было немагчыма. Паводле беларускага ваяра, побач з байцамі батальёну «Волат» змагаліся шмат украінскіх вайскоўцаў, некаторыя зь іх загінулі.
«Неяк уначы ўкраінцы ішлі праз нашы пазыцыі вялікім гуртам — шмат параненых, страшэнна стомленыя. Ішлі, як зомбі, пасярод артылерыйскага агню. Там усім дасталася», — адзначыў Дзяніс Урбановіч і ўспомніў самы жудасны бой, які бачыў.
«Перадавалі нашым гранаты для самападрыву»
«Расейцы ішлі ў наступ хваля за хваляй. Была атака, калі пайшлі наперад нават бяз „бронікаў“. Напярэдадні мы выйшлі на пазыцыі і ўжо тры дні іх не пакідалі, ужо было немагчыма сысьці, фактычна ваявалі ў аблозе. Агонь па нашых пазыцыях быў шалёны — лупілі па нас з усяго, што можна. Спачатку абараняліся ў адным доме, які потым згарэў. Мы там ледзь не расплавіліся зажыва, але неяк здолелі перабрацца ў суседні дом, трохпавярховы. Ён нас спачатку ўратаваў, а потым фактычна стаў магілай для паловы групы. Нешта магутнае прыляцела — і дом на нас абрынуўся. Далейшае памятаю ўрыўкамі», — прызнаецца Дзяніс Урбановіч.
Урбановіч памятае, як адкапаўся і як яго моцна званітавала, бо атрымаў камянямі па галаве. Кажа, што таксама памятае, як нейкі час адстрэльваўся. Да яго набліжаліся расейскія вайскоўцы, а потым прыйшоў момант, калі вырашыў, што ўратавацца ўжо ня ўдасца, а ў палон здавацца нельга. Трымаў напагатове гранату. Па словах добраахвотніка, яму пашанцавала, бо акурат падасьпела група, пасланая на дапамогу і эвакуацыю параненых. Яе прывёў Міраслаў Лазоўскі, кажа Ўрбановіч. Баец згадаў, што яго аднесьлі далей ад разбомбленага дома і паклалі за будынкам дзіцячага садку. Іншым абаронцам трохпавярховіка пашанцавала менш.
«Некаторых дастаць было немагчыма. Як дастанеш, калі на нагах ляжаць бэтонныя пліты ў некалькі тон? Хто быў прытомны, папрасілі перадаць ім гранаты — яны ўзарвалі сябе самі. Аднаго толькі змаглі адкапаць, але ён ня рухаўся. Відаць, хрыбет быў перабіты. Ад эвакуацыі адмовіўся, сказаў: «Не хачу быць нерухомым інвалідам». Яму было больш за 50 гадоў. На разьвітаньне сказаў: «Нічога, я ўжо пажыў…». Іншыя байцы групы ўсе атрымалі цяжкія раны, але выжылі, усе цяпер папраўляюцца», — расказаў Дзяніс Урбановіч пра байцоў, якімі камандаваў.
«Лазоўскі памаўчаў і дадаў ціха: „З Богам!“»
Дзяніс Урбановіч кажа, што непасрэдна момант сьмерці Міраслава Лазоўскага ня бачыў, бо сам быў ужо за лініяй бою. Але памятае словы, якімі Міраслаў праводзіў групу на заданьне. Дзянісу тады здалося, што камандзір нешта прадчуваў.
«Там ужо было вельмі цяжка. Некаторыя і не хацелі туды ісьці, казалі, што там шалёны агонь, гэта самагубства. У мяне, як высоўваліся на пазыцыю, таксама было прадчуваньне нядобрае. Але вось мы ўжо там, і што рабіць? Зьвязаўся апошні раз зь Міраславам: „Які будзе загад?“. І той загадаў трымацца, папярэдзіў аб небясьпецы таго ці таго ды параіў дзейнічаць адпаведна абстаноўцы. А потым, крыху памаўчаўшы, дадаў гэтак ціха: „З Богам!“. Ніколі раней так не казаў, Бога ня згадваў. А ў апошні раз згадаў».
Паводле зьвестак Дзяніса Ўрбановіча, Міраслаў Лазоўскі загінуў у самым канцы бою ад кулі расейскага снайпэра.
«Расказвалі хлопцы, што нібыта расейскі снайпэр яго дакладным стрэлам у галаву паклаў. Мо пяць-дзесяць мэтраў не дайшоў да нашых пазыцый, дзе б ужо схаваўся. Міраслаў ня проста вяртаўся з заданьня, а вяртаўся з эвакуацыі нашай групы. Нёс нашу зброю. Быў бы бяз гэтай ношы, можа, хутчэй бы праскочыў зону, якая прастрэльвалася. А ён яшчэ і кулямёт цягнуў на сабе. Расейцы пасьпелі пасадзіць снайпэра ў той дом, дзе мы абараняліся, ён адтуль на ўсіх паляваў. Так мне сказалі...»
«Выйшлі на важныя вышыні, якія кантралююць Бахмут»
Паводле Дзяніса Ўрбановіча, у Бахмуце цяпер шмат расейскіх войскаў, але ўкраінскія сілы захавалі пазыцыі побач і паступова сьціскаюць паўкола.
«Там азоўцы (байцы часткі „Азоў“, адноўленай пасьля баёў за Марыюпаль. — РС) цяпер ваююць і, як кажуць, вельмі ўдала. Выйшлі на важныя вышыні, якія кантралююць горад, нават у некаторых месцах пасунулі расейцаў назад. Нібыта там баі крыху сьцішыліся, усе рыхтуюцца да новай фазы. Паглядзім, што будзе і куды перакінуць нашую частку. Вайна працягваецца», — кажа Дзяніс Урбановіч.
Паводле добраахвотніка, наперадзе ў яго чарговая мэдычная камісія, якая вырашыць, ці можа ён па стане здароўя вяртацца на фронт. Сам Дзяніс гэтага хоча, але пагаджаецца, што кожны раз пасьля раненьня атрымаць дазвол на вяртаньне ўсё складаней. «Апошні раз мне Міраслаў парадамі дапамог вярнуцца, а што будзе цяпер, ня ведаю. Але спадзяюся, што мой вайсковы досьвед яшчэ спатрэбіцца», — кажа Ўрбановіч.