Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Насту Лойку асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня 


Наста Лойка ў судзе. Менск, 13 чэрвеня 2023
Наста Лойка ў судзе. Менск, 13 чэрвеня 2023

Праваабаронцу судзілі ў закрытым працэсе.

У Менскім гарадзкім судзе 20 чэрвеня вынесьлі прысуд праваабаронцы Насьце Лойцы. Прысуд абвяшчалі ў адкрытым пасяджэньні, але сам працэс праходзіў у закрытым фармаце, як і большасьць судоў апошняга часу над вядомымі асобамі.

Лойку абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці). Ёй пагражала да 12 гадоў турмы.

Як стала вядома Свабодзе, Насту Лойку асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня агульнага рэжыму. Пракуроркай на працэсе была Вольга Дзіндзялевіч.

Наста заявіла ў судзе, што будзе абскарджваць вырак; паводле назіральнікаў, яна трымалася на працэсе добра.

Падставай для крымінальнай справы стаў даклад «Перасьлед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі (2017 – жнівень 2018 году)». У ім даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі.

Справу разглядала судзьдзя Алена Шылько. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Невядомыя падрабязнасьці справы і пазыцыя самой Насты. Усяго адбылося два пасяджэньні.

Насту Лойку ўтрымліюць у менскім СІЗА-1 паўгода. Да гэтага яе трымалі працяглы час на Акрэсьціна.

Перасьлед Насты Лойкі

Некалькі запар адміністрацыйных арыштаў тэрмінам па 15 дзён Лойка адбыла ў турме на Акрэсьціна.

Паводле інфармацыі Human Constanta, падчас адміністрацыйнага арышту Насту двойчы вадзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін.

Пазьней Насту Лойку перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага і выставілі ёй абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (арт. 342 КК), і ў «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК).

Наста Лойка, архіўнае фота
Наста Лойка, архіўнае фота

На гэта момант вядома, што праваабронцы ставяць у віну толькі артыкул 130 КК. Падставай для гэтага зрабіўся нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісаньні справаздачы аб перасьледзе анархісцкай супольнасьці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі.

Вядома, што Наста за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам. Яна вэганка і таму ня можа есьці тое, чым кормяць на «Валадарцы». Даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з волі празь перадачы і што можна купіць у турэмнай краме.

Таксама Насьце Лойцы трэба палячыць зубы, аднак і тут узьнікла праблема. Стаматоляга, якога для яе знайшлі блізкія, у турму не прапусьціў Сьледчы камітэт.

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta, у якой працавала Наста Лойка, працягвае змагацца за яе вызваленьне. Аб справе Насты Лойкі праінфармавалі ААН. Зьвярнуліся і ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі, адказу пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG