Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масавыя аблавы вядуць ПДУ да разбурэньня». Што адбываецца ў Полацкім унівэрсытэце


Полацкі ўнівэрсытэт, архіўнае фота
Полацкі ўнівэрсытэт, архіўнае фота

З Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту звольнілі трох выкладчыкаў, якіх затрымлівалі паводле «палітычных» артыкулаў. На знак салідарнасьці шэсьць дэканаў факультэтаў напісалі заявы аб пераводзе на звычайную выкладчыцкую працу.

Пра наступствы страты кваліфікаваных кадраў пагаварылі з былымі выкладчыкамі ПДУ.

Палітычныя звальненьні ў Полацкім унівэрсытэце сталі адбывацца з прызначэньнем на пасаду рэктара Алега Раманава, цяпер ён узначальвае праўладную партыю «Белая Русь».

У красавіку 2021 года з ПДУ былі звольненыя прафэсар катэдры гісторыі і турызму Ўладзімер Лобач, кандыдат гістарычных навук Віктар Якубаў, старшы выкладчык катэдры архітэктуры Андрэй Вярыга, у 2022 годзе — дацэнт катэдры сацыяльных камунікацыяў Аляксей Ластоўскі.

Днямі звольнілі «са згоды бакоў» дацэнта катэдры гісторыі і турызму Віктара Чараўко, дацэнта катэдры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіраваньня Сяргея Глазырына — у траўні 2023 году іх арыштавалі адпаведна на 13 і 15 дзён за перапосты «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сышоў і намесьнік дэкана інжынэрна-будаўнічага факультэту Юры Кежа — ён нібыта «ахвяраваў у экстрэмісцкія фонды».

Паводле інфармацыі выданьня «Позірк» шэсьць дэканаў факультэтаў ПДУ напісалі заявы аб пераводзе на звычайную выкладчыцкую працу на знак салідарнасьці зь нядаўна звольненымі.

«Будуць ставіць выпадковых людзей, каб проста закрыць дзіркі»

Кандыдат сацыялягічных навук Аляксей Ластоўскі працаваў у ПДУ дацэнтам катэдры сацыяльных камунікацыяў з 2014 па 2022 гады. Ён лічыць, што ва ўнівэрсытэце было досыць лібэральнае асяродзьдзе і прыемнае стаўленьне да выкладчыкаў. Там была рэальная супольнасьць кваліфікаваных пэдагогаў, і сваім навуковым узроўнем Полацкі ўнівэрсытэт быў канкурэнтам для менскіх унівэрсытэтаў.

«Фактычна пасьля таго, як звольнілі рэктара Дзьмітрыя Лазоўскага і на яго месца прыйшоў Алег Раманаў, і пачаліся палітычна матываваныя чысткі, якія ішлі паступова.

А зараз мы бачым новы этап, пачаліся ўжо масавыя аблавы (і ў Полацкім музэі-запаведніку, і ва ўнівэрсытэце). Тактыка масавых аблаваў, выгадная спэцслужбам, фактычна вядзе ўнівэрсытэт да разбурэньня. Будуць катастрафічныя наступствы», — лічыць Аляксей Ластоўкі.

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

На ягоную думку, ва ўнівэрсытэце павінны быць кваліфікаваныя выкладчыкі, якія маюць адпаведныя кампэтэнцыі, а знайсьці іх ў Полацку ня так проста.

«Трэба разумець, што Полацак — ня Менск. Кваліфікаваных адмыслоўцаў ня знойдуць, будуць ставіць выпадковых людзей, каб проста закрыць дзіркі.

Да таго ж кожны ўнівэрсытэт мусіць праходзіць атэстацыю ў Міністэрстве адукацыі паводле колькасьці абароненых выкладчыкаў: мае быць пэўная доля дактароў, кандыдатаў навук. У многіх унівэрсытэтах з гэтым сытуацыя крытычная. І калі б гэтыя правілы выконвалі, былі б падставы наагул закрыць пэўныя ўнівэрсытэты», — мяркуе Аляксей Ластоўскі.

«Фактычна зьнішчаюцца навуковыя школы гісторыі, этнаграфіі, археалёгіі, сацыяльных камунікацыяў»

Кандыдат гістарычных навук Віктар Якубаў працаваў ў ПДУ з 2007 па 2021 гады. У жніўні 2020 году ён падпісаў зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту. У 2021 годзе атрымаў 15 дзён арышту за рэпосты матэрыялаў СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім». Пасьля вызваленьня Якубава рэктар Алег Раманаў звольніў яго — фармальна за прагулы.

Навуковец лічыць, што новая хваля звальненьняў адаб’ецца на ВНУ вельмі нэгатыўна.

«Гэта быў ці не апошні ўнівэрсытэцкі цэнтар, дзе разьвівалася беларуская гуманітарная навука. Спачатку дэманстратыўна разграмілі Горадню, у 2020 годзе большасьць менскіх унівэрсытэтаў, зараз дабраліся да Полацку. Нядаўна пасадзілі магілёўскага доктара сацыялогіі.

Полацкі ўнівэрсытэт, можа, быў нават адзіны, дзе яшчэ пару гадоў таму выкладалі гісторыю і сацыяльныя камунікацыі пераважна па-беларуску.

Звальняюць людзей ня толькі з грамадзянскай пазыцыяй, прычым зусім не радыкальнай, але людзей зь лепшымі навуковымі вынікамі, міжнародным рэнамэ і сувязямі. Фактычна зьнішчаюцца навуковыя школы гісторыі, этнаграфіі, археалёгіі, сацыяльных камунікацыяў. Разграмілі катэдру замежных моваў», — лічыць Віктар Якубаў.

Сымболіка Полацкага ўнівэрсытэту
Сымболіка Полацкага ўнівэрсытэту

Абодва навукоўцы — і Ластоўскі, і Якубаў — мяркуюць, што будуць праблемы і з наборам студэнтаў.

«Тут яшчэ накладваецца агульная дэмаграфічная яма, у якой апынулася Беларусь. Да таго ж крытычна пагаршаецца якасьць адукацыі, калі дэвальвуюцца беларускія дыплёмы. Ёсьць моцная тэндэнцыя: моладзь уцякае за мяжу, каб атрымаць больш якасную адукацыю. Рэпрэсіі супраць выкладчыкаў вядуць да таго, што ўнівэрсытэт страчвае свой імідж і патэнцыйных студэнтаў», — кажа Аляксей Ластоўскі.

Віктар Якубаў мяркуе, што студэнтаў, магчыма, і набяруць, але гэта будуць далёка ня лепшыя навучэнцы.

«Гадоў празь дзесяць яны, можа, да чаго і дарастуць мазгамі, як было з савецкай навукай пасьля 1930-х. Але застануцца траўмаванымі баязьліўцамі, а гэта не спрыяе палёту думкі, як і брак кантакту з шырокім сьветам. Нармальнай гуманітарнай навукі, якая можа прапанаваць грамадзтву ўцямны аналіз рэчаіснасьці, візію і плян разьвіцьця будучыні, бліжэйшым часам пад тыраніяй ня будзе», — перакананы Віктар Якубаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG