У Магілёве затрымалі пратэстанцкага прапаведніка
Затрымалі Сяргея Ўдальёва ў аўторак 13 чэрвеня, каля магілёўскага лядовага палаца, піша @MAYDAYMog. Паводле сьведак, сілавікі выскачылі зь «цёмнай машыны зь цёмнымі вокнамі», вырвалі мужчыну зь ягонага аўтамабіля і груба ўціснулі ў зямлю.
Пазьней яго павезьлі ў невядомым кірунку: не ў Кастрычніцкі РАУС, які знаходзіцца паблізу, а ў супрацьлеглы бок. Як удалося прасачыць валянтэрам, у Ленінскі РАУС Магілёва яго таксама не даставілі, машына «згубілася» на вуліцы Піянэрскай, дзе разьмешчана Магілёўскае абласное ўпраўленьне КДБ.
Затрыманьне, паводле сьведак, зьвязанае з палітыкай, бо тры месяцы таму зь Сяргеем не працягнулі на працы кантракт за недастатковую ляяльнасьць, адзначаюць праваабаронцы.
Затрымалі 2 былых рабочых МТЗ
«Рабочы рух» паведаміў, што 13 чэрвеня супрацоўнікі КДБ затрымалі былых рабочых рамонтна-мэханічнага цэху МТЗ Дзяніса Паўлава і Івана Крывіню. Яны былі актыўнымі ўдзельнікамі падзеяў 2020 году, калі на прамысловых прадпрыемствах спрабавалі арганізаваць забастоўку.
На дадзены момант Дзяніс Паўлаў і Іван Крывіня працавалі на вайсковым прадпрыемстве «Мінатор-Сэрвіс», але ёсьць падставы меркаваць, як лічыць «Рабочы рух», што іх затрыманьні зьвязаныя з забастоўкамі рабочых у 2020 годзе. ⠀
Паводле наяўнай інфармацыі, у Дзяніса Паўлава прайшоў ператрус і яго падазраюць паводле арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» Крымінальнага кодэксу Беларусі.
У Магілёве затрымалі папулярнага стрымэра ARTIKZA
Як стала вядома Mayday Team, магілёўская міліцыя каля тыдня таму затрымала гульнявога стрымэра і блогера Арцёма Галавача aka ARTIKZA, які мае больш за 250 тысяч падпісчыкаў у Youtube і каля 10 тысяч — у Telegram.
Малады чалавек разьмясьціў відэа, дзе паклікаў сваіх фанатаў на фан-сустрэчу ў цэнтры Магілёва 3 чэрвеня. Аднак сустрэчы не адбылося — відэа было выдаленае, а сьведкі паведамілі, што Галавача забралі сілавікі.
У сваім апошнім відэа ў TikTok блогер папрасіў прабачэньня і коратка паведаміў, што «з пэўных прычын сустрэча адмяняецца», хоць некаторыя людзі на яе ўжо прыйшлі.
На Галавача завялі адміністрацыйны працэс па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне). Папярэдне, Арцём атрымаў 15 дзён арышту.
Уладальніцы аграсядзібы «Стулы» далі 15 сутак
13 чэрвеня суд Пружанскага раёну асудзіў уладальніцу аграсядзібы «Стулы» Ларысу Быцко на 15 дзён арышту паводле артыкула аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Ларыса Мікалаеўна Быцко — загадчыца аддзелу традыцыйнай культуры Берасьцейскага абласнога грамадзка-культурнага цэнтру. Яна была арганізатаркай і рэжысэркай абласных сьвятаў-конкурсаў фальклёрнага мастацтва, у тым ліку «Галасы Палесься» ў Янаве, «Таночак» у вёсцы Безьдзеж Драгічынскага раёну. Пад яе кіраўніцтвам у Берасьцейскай вобласьці рэалізуецца этнаграфічны праект «Рух зямлі».
Таксама Ларыса Мікалаеўна — ініцыятарка правядзеньня міжнародных пленэраў ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёну, абласных пленэраў разьбяроў манумэнтальнай скульптуры, папулярызатарка народнага мастацтва. У 2014 годзе была ўзнагароджаная нагрудным знакам «За ўнёсак у разьвіцьцё культуры Беларусі» Міністэрства культуры.
У 2016 годзе муж і жонка Быцко ў цэнтры вёскі пабудавалі культурна-адукацыйны цэнтар «Вясковы рэнэсанс», у якім праводзілі розныя культурныя мерапрыемствы, займаліся папулярызацыяй беларускай культуры, праводзілі паказы батлейкі.
Пра аблаву і затрыманьні ў аграсядзібе «Стулы» ў Пружанскім раёне стала вядома 11 траўня.