Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BEROC: Калі па выніках году ВУП Беларусі вырасьце на заплянаваныя 3,8%, інфляцыя можа скласьці каля 10,5%


Калі валавы ўнутраны прадукт Беларусі «за кошт залішняга стымуляваньня попыту» па выніках 2023 году павялічыцца на заплянаваныя ўладамі 3,8%, інфляцыя ў гадавым вылічэньні «пры іншых роўных» можа скласьці каля 10,5%.

Такая выснова зьмяшчаецца ў апошнім аналізе дасьледчага цэнтру BEROC.

У дасьледаваньні адзначаецца, што беларускія ўлады паставілі амбітную мэту забясьпечыць рост ВУП на 3,8% па выніках 2023 году, шмат у чым — за кошт імклівага нарошчваньня інвэстыцый на 22,3%.

На думку аналітыкаў, пасьля глыбокага падзеньня ВУП і інвэстыцый адпаведна на 4,7 і 19,1% у 2022 годзе намер уладаў дасягнуць росту ВУП па выніках году на 3,8% «можна было б назваць аднаўленчым», аднак «эканамічны спад 2022 году мог шмат у чым насіць структурны характар» на фоне ўведзеных заходніх санкцый.

«Нэгатыўныя эфэкты жорсткіх экспартных абмежаваньняў з боку заходніх краін цяжка кампэнсаваць у кароткатэрміновай пэрспэктыве з прычыны інфраструктурных абмежаваньняў, напрыклад, пры транспартаваньні калійных угнаеньняў і прадукцыі дрэваапрацоўкі. Рэлякацыя бізнэсу і супрацоўнікаў, найперш IT-кампаній, зь Беларусі будзе мець доўгатэрміновыя нэгатыўныя наступствы для чалавечага капіталу і тэхналягічнага разьвіцьця краіны», — гаворыцца ў аналізе BEROC.

«Спробы стымуляваць хуткае аднаўленьне ВУП прывядуць да перагрэву эканомікі», — лічаць экспэрты. Гэта пагражае замацаваньнем падвышанай інфляцыі, паслабленьнем нацыянальнай валюты і актуалізацыяй пагрозаў фінансавай стабільнасьці.

У дасьледаваньні спэцыялісты BEROC абапіраліся на квартальную мадэль прагназаваньня (QPM), якая «дазваляе праводзіць сымуляцыі паводзінаў эканамічнай сыстэмы ў адказ на розныя шокі, у тым ліку аналізаваць адрозьненьні ў яе паводзінах пры розным дызайне стабілізацыйнай эканамічнай палітыкі дзяржавы (галоўным чынам манэтарнай і курсавой, а таксама палітыкі кіраваньня плынямі капіталу)».

У дачыненьні да 2023 году разьлікі на базе QPM паказваюць, што ВУП Беларусі можа паказаць аднаўленчы рост на 2,5% пры інфляцыі 8% на канец году. Калі за кошт залішняга стымуляваньня попыту ўдасца забясьпечыць рост ВУП на 3,8%, то, паводле вынікаў сымуляцыяў, інфляцыя, пры іншых роўных, можа скласьці каля 10,5%.

  • 28 лістапада 2022 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023 год, згодна зь якімі прырост ВУП заплянаваны на ўзроўні 3,8%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 4,1%, інвэстыцый у асноўны капітал — 22,3%, экспарту тавараў і паслуг — 5,5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG