Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садавіна падаражэла на 14%, чыгуначныя квіткі — на 22%: як зьмяніліся цэны ў Беларусі з пачатку 2023 году


За пяць месяцаў 2022 году цэны павялічыліся на 2,66%. Харчовыя тавары сталі даражэйшыя на 2,93%, нехарчовыя — на 0,93%, платныя паслугі — на 4,52%, паведамляе Белстат.

У студзені — траўні сярод харчовых тавараў больш за ўсё падаражэла садавіна (на 13,88%), садавінагародніная прадукцыя і гародніна — на 9,16% і 3,25% адпаведна, піша BPN.

Наколькі вырасьлі цэны на асобныя прадукты:

  • сьвежая белакачанная капуста +109,82%, або ў 2,11 раза,
  • рэпчатая цыбуля +99,05%, або ў 1,99 раза,
  • морква +78,88%, або ў 1,79 раза;
  • вінаград +69,49%, грушы +46,94%,
  • яблыкі +14,82%,
  • бульба +5,18%,

З прадуктаў больш за ўсё зьменшыліся цэны на сьвежыя агуркі (-48,79%), грачаныя крупы (-14,52%), растваральную каву (-5,96%).

Сярод нехарчовых тавараў у лідарах па падаражэньні аказаліся дываны (+9,26%) і абутак (+4,14%).

Кошт тытунёвых вырабаў з пачатку году павялічыўся ў сярэднім на 29,19%.

Лідары па росьце цэн сярод паслуг — міжнародны турызм (+26,25%), чыгуначныя квіткі (+22,06%, у тым ліку міжнародныя — +47,91%), ахова жылых дамоў (+15,63%), дзяржаўныя пошліны за ажыцьцяўленьне адміністрацыйных працэдур (+15,62%), карыстаньне арэндным жыльлём (+15,62%). Сярод улічаных у статыстыцы патаньнелі толькі рытуальныя паслугі (-8,1%) і білеты ў цырк (-2,71%).

Як зьмяніліся цэны ў траўні

У траўні 2023 году сярод прадуктаў харчаваньня больш зьнізіліся цэны на агародніну (-20,91%). Лідары — агуркі (-48,35%) і памідоры (-35,64%). Затое значна падаражэлі белакачанная сьвежая капуста (+69,58%), морква (+36,33%) і рэпчатая цыбуля (+24,39%). Грушы сталі даражэй на 10,88%, апэльсіны — на 6,59%, вінаград — на 4%.

У сфэры паслуг найбольш значны вырасла цана білетаў на міжнародны чыгуначны транспарт (+16,26%), кошт пуцёвак у санаторыі (+3,68%), паслугі гатэляў (+2,53%).

Агулам у траўні 2023 года спажывецкія цэны зьнізіліся на 0,28%, харчовыя тавары патаньнелі на 0,67%, нехарчовыя — на 0,05%. Платныя паслугі падаражэлі на 0,14%.

«Кошт ураду» канстатуе рост цэн у рэгуляваных дзяржавай сфэрах

«Цікава, што працягнула паскарэньне інфляцыя паслуг, якія падаражэлі на 6,9%, хаця ў красавіку паказчык быў 6,6%. З улікам таго, што ў інфляцыю паслуг уваходзяць галоўным чынам камунальныя паслугі і паслугі пасажырскага транспарту, можна зрабіць выснову пра рост цэн у рэгуляваных дзяржавай сфэрах», — адзначаюць экспэрты праекту «Кошт ураду», камэнтуючы зьвесткі Белстату пра ўзровень інфляцыі ў гадавым вымярэньні па выніках траўня 2023 году.

Аналітыкі зьвярнулі ўвагу, што ў цэлым кошт тавараў і паслуг у траўні вырас на 3,7%, у той час як у красавіку фіксавалася павелічэньне на 4,7%.

Вызначальную ролю ў «прыкметным тармажэньні» тэмпаў росту цэн на харчовыя тавары (4,4% у траўні супраць 6,1% у красавіку), паводле аналітыкаў, адыгрывае тое, што «доля айчыннай прадукцыі на харчовых прылаўках значная, а кантраляваць цэны дзяржава ўмее». Што да росту цэн на нехарчовыя тавары (0,5% у траўні супраць 1,6% у красавіку), на думку экспэртаў, запаволеньне зьвязана зь «дзяржрэгуляваньнем, нізкім плацежаздольным попытам, захаванымі праблемамі лягістыкі» і «канкурэнцыяй з таварамі паралельнага імпарту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG