Сьцісла:
- Выключна рэдка бывае, калі дэмакратычная арганізацыя доўгія гады жыве без канфліктаў і крызісаў.
- Сваркі і канфлікты ўнутры дэмакратычных колаў ствараюць кепскае ўражаньне ў прыхільнікаў, расчароўваюць людзей.
- Вельмі шырокае аб’яднаньне, як правіла, нядоўга трывае — і гэта характэрна для розных краін.
- Новае аб’яднаньне адбудзецца — але не абавязкова з удзелам тых самых дзейных асобаў.
— Канфлікт вакол Байпола прымушае задумацца ў больш шырокім кантэксьце: ці гэта драматычная і нават трагічная падзея (як сьцьвярджаюць адны), ці — даволі натуральная для дэмакратычных асяродкаў зьява. Аднак у беларускіх апазыцыйных сілах апошнія месяцы асабістыя і структурныя канфлікты, як падаецца, адбываюцца занадта часта...
— Падаецца, большасьць камэнтароў вакол канфлікту ў Байполе сёньня, сапраўды, гучаць вельмі эмацыйна і драматычна, у стылі «як жыць далей». Зь іншага боку, гучыць і рэалізм, які зыходзіць з таго, што калі любая арганізацыя, рух, супольнасьць існуюць 2–3 гады — то вельмі малаверагодна, што за гэты час не адбудзецца ніякіх публічных канфліктаў.
Вядома, я не хачу сказаць, што справа гэтая зусім бяскрыўдная і не ўплывае на эфэктыўнасьць дэмакратычных сілаў. Але больш сур’ёзнае пытаньне: як дзейныя асобы спрабуюць даць рады гэтаму крызісу?
— Так, часам канфлікты, якія ўзьнікаюць вакол лідэрства, сапраўды, даволі натуральныя — калі адзін кіраўнік зьмяняецца іншым. Аднак бывае і такое, што канфлікт ставіць пад сумнеў само існаваньне арганізацыі. Ці не такі выпадак цяпер у Байполе?
— Па выніках сустрэчы ў Пераходным кабінэце прынятая заява, што зьявяцца дзьве структуры аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў. Відавочна, гэта цалкам не здымае ўсіх пытаньняў — але гэта не найгоршы варыянт. У любым выпадку, гэта выглядае на цалкам цывілізаваны і граматны падыход да вырашэньня канфліктаў. Бакі таксама ўводзяць мараторый на публічную крытыку, працягваюць працэс пераадоленьня крызісу. Гэта абяцае пэўнае цывілізаванае вырашэньне гэтай справы.
— Ці патрэбна ўвогуле еднасьць дэмакратычных сілаў заўсёды і ва ўсіх сфэрах? У беларускай гісторыі былі самыя розныя пэрыяды — у нейкія моманты апазыцыя аб’ядноўвалася, у нейкія — усе ішлі сваім шляхам і лічылі гэта больш эфэктыўным.
— Адзінства ў ідэале спрыяе каардынацыі дзеяньняў, рэпутацыі. Бо сваркі і канфлікты ўнутры дэмакратычных колаў ствараюць кепскае ўражаньне ў прыхільнікаў, расчароўваюць людзей.
Але калі вяртацца да рэалістычнага пункту гледжаньня — такое выключна рэдка бывае, калі арганізацыя доўгія гады жыве без канфліктаў і крызісаў. Таму на такія выпадкі трэба мець працоўныя і падрыхтаваныя мэханізмы, жыцьцёвыя прынцыпы дзеля цывілізаванага пераадоленьня канфліктных сытуацыяў.
— Мне падаецца, што найбольш аб’яднанымі беларускія дэмакратычныя сілы былі менавіта тады, калі былі падставы верыць у хуткую перамогу і агульны посьпех. Самы яркі прыклад — у жніўні-верасьні 2020 году не было ніякіх скандальных разыходжаньняў, сварак, нават Зянон Пазьняк у сваіх допісах падтрымліваў пратэсты і даваў свае парады, як іх лепш арганізаваць. Як толькі зьяўляецца ўражаньне, што перамога пакуль ня блізкая, — пачынаюцца расколы і звадкі.
— Менавіта так. Гэта тычыцца і Беларусі, і іншых краінаў. У выпадку ўздыму, зьяўленьня ясных мэтаў, калі абставіны штурхаюць аб’ядноўвацца — еднасьць становіцца выразнай, а разыходжаньні сыходзяць на далёкі плян. І гэта добрая рыса чалавечай прыроды, калі ў выпадку вялікай небясьпекі альбо яснай мэты праяўляецца схільнасьць аб’ядноўвацца. Але гэта не трывае доўга — бо ў выпадку паразы і ў выпадку перамогі ўсё мяняецца.
Возьмем прыклад Польшчы, дзе можна назіраць і першае, і другое. На пачатку 1980-х «Салідарнасьць» аб’яднала самых розных людзей, але яе ўздым не прывёў да перамогі. Пачаліся канфлікты, расколы і ўнутры Польшчы, і ў эміграцыйных колах. Але потым, у 1989-м, усе зноў аб’ядналіся, каб адразу пасьля перамогі зноў пачалі зьяўляцца першыя расколы. Гэта даволі жыцьцёвая і натуральная сытуацыя.
Вельмі шырокае аб’яднаньне, як правіла, нядоўга трывае. І гэта характэрна для розных краін. Ня трэба рабіць з гэтага трагедыю. У выпадку паразы ці ў выпадку перамогі ранейшыя схаваныя разыходжаньні выходзяць на паверхню, і пачынаецца барацьба.
— З гэтага гледзішча як можна ацаніць далейшае разьвіцьцё падзеяў? Калі і ў якім выпадку мы можам чакаць наступнага этапу еднасьці?
— Вельмі высокая імавернасьць, што новае аб’яднаньне адбудзецца — зыходзячы зь веданьня прыроды чалавека і гістарычных працэсаў. Іншая рэч, што яно не абавязкова адбудзецца з удзелам тых самых дзейных асобаў. Можа быць так, што частка цяперашніх актараў зойме радыкальную пазыцыю і пачне сабатаваць любыя будучыя спробы аб’яднаньня. Але, магчыма, зьявіцца іншая канфігурацыя — нешта падобнае да 2020 году, калі тая канфігурацыя была зусім нечаканай, яе ніхто ня мог спрагназаваць яшчэ за пару месяцаў да таго. Нагадаем, што першая палова 2020 году прайшла пад знакам «праймэрыз» дэмакратычных сілаў, працэсу, які быў правальным.
— 2020 год у пэўным сэнсе «змыў» з палітычнага поля старую апазыцыю — зьявіліся новыя фігуры. Але ці можна сказаць, што і яны ўжо з пэўных прычын страчваюць свае пазыцыі — і новая сытуацыя народзіць новых лідэраў, і пераважна ўнутры Беларусі?
— Можа быць і так. Але, мне падаецца, шмат залежыць ад часу. Калі гэта адбудзецца цягам бліжэйшых гадоў (і такое магчыма, бо рэжым чакаюць даволі сур’ёзныя выпрабаваньні: і выбары, і запуск Усебеларускага народнага сходу), то значная частка цяперашніх палітычных актараў будуць як мінімум удзельнічаць у гэтым працэсе, у новых падзеях. Канфігурацыя будзе трошкі іншай, але ня думаю, што склад асноўных актараў будзе цалкам новы.
Вядома, у больш пэсымістычным сцэнары, калі працэсы пераменаў адбудуцца, скажам, праз 10 гадоў, — гэта ўжо будзе цалкам новая канфігурацыя актараў.